Алесь Бяляцкі: Не бойцеся!


Ад асуджанага на 4,5 гады пазбаўлення волі Алеся Бяляцкага прыйшоў ліст, напісаны праваабаронцам 30 лістапада – ужо пасля вынясення прысуду, але яшчэ да пераводу з турмы на вул. Валадарскага ў Жодзіна, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Пасля судовага працэсу Алесь Бяляцкі пачаў вяртацца да сваіх звычайных заняткаў: вывучэння англійскай мовы, чытання і адказаў на лісты, якіх набралася даволі шмат. Пачуваецца палітвязень даволі спакойна, чаго моцна жадае і ўсім сваім калегам.

Алесь упэўнены, што той бруд, які вылілі на яго афіцыйныя медыі, сплыў і не запэцкаў яго, а вось магутнае падтрыманне розных знаёмых і незнаёмых людзей моцна дапамагло: «Такое адчуванне, што гэты суд быў патрэбны, каб спраўдзіць і праверыць – ці тое мы рабілі ўсе гэтыя 15 гадоў. А на 10 снежня мне для ўсіх хочацца паўтарыць, для ўсіх: «Не бойцеся!» Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал ІІ, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але і гэтага хапіла».

Таксама Алесь Бяляцкі піша, што рыхтуецца да этапу, а паколькі Беларусь малая краіна, то далёка не звязуць. Палітвязень шле ўсім прыхільнікам гарачае прывітанне і падзяку: «У мяне такое адчуванне, асабліва пасля таго, як на судзе шмат каго пабачыў, што я ўвесь гэты час быў з вамі…»

Алесь Бяляцкі – віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» – асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Грошы на замежных рахунках Бяляцкага выкарыстоўваліся на юрыдычную дапамогу і падтрыманне пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў