Апытанне: ці патрэбны нам СССР?


Сучасную Беларусь часам называюць «савецкім запаведнікам» – мала ў якой іншай краіне на постсавецкай прасторы захавалася столькі слядоў савецкай дзяржавы: ад чырвоных сцягоў на афіцыйных святах да помнікаў Леніну і вуліцаў, названых у гонар камуністычных дзеячаў. Але ці хочуць самыя беларусы вяртання СССР? Пра гэта журналісты «Белсату» запыталі жыхароў Менску.

За настальгію па савецкай дзяржаве часам прымаюць настальгію па мінулых часах ды маладосці. «Я дзіця СССР, самае лепшае, што ў мяне было ў жыцці – было тады. І я вельмі шкадую пра тое, што гэтага няма», – гаворыць адна з удзельніц апытання.

Маладое пакаленне ставіцца да савецкага мінулага больш скептычна. «У Савецкім Саюзе было добра – але гледзячы каму. Якім-небудзь бюракратам было, напэўна, някепска, але не шараговым людзям. У прынцыпе, цяпер усе бабулі і дзядулі кажуць, што гэта было файна, не называйце гэта «саўком». Як для каго», – зазначае жыхарка Менску.

У сваіх успамінах удзельнікі падпісання дамовы аб спыненні існавання СССР зазначаюць, што ў пэўнай ступені стварэнне і падпісанне Белавежскіх пагадненняў адбылося нечакана. Але частка беларусаў ўпэўненая, што рана ці позна Савецкі Саюз спыніў бы сваё існаванне. «Я да распаду СССР стаўлюся па-філасофску. Калі б гэта не здарылася ў Віскулях – то было б у іншым месцы. Праз 5 гадоў былі б не Віскулі, а нешта іншае. Не было б Гарбачова – быў бы Іваноў. Імперыя павінна была разваліцца паводле ўсіх законаў», – зазначыў адзін з рэспандэнтаў.

belsat.eu

Стужка навінаў