Беларусь – злосны парушальнік канвенцыі супраць катаванняў


Адмысловы прадстаўнік ААН перадаў уладам Беларусі заўвагі экспертаў адносна выканання краінаю Канвенцыі аб забароне катаванняў.

Як паведаміў сёння прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных, дакумент перадалі на разгляд у “зацікаўленыя ведамствы”. “Беларускі бок разглядае абмеркаванне чацвёртага перыядычнага дакладу Беларусі ў Камітэце ААН супраць катаванняў як карысную захаду, скіраваную на няўхільнае выкананне абавязкаў паводле Канвенцыі, чальцом якой Беларусь ёсць з 1987 г. Беларускі бок зрабіў усё магчымае, каб эксперты камітэту мелі поўную інфармацыю ў разгляданым пытанні”, – дадаў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства.

Паседжанне Камітэту ААН адбылося ў Жэневе 11 лістапада, і прадстаўнік Беларусі пры ААН Міхаіл Хвастоў на гэтай сустрэчы выглядаў “непераканаўча”, нагадвае Андрэй Бандарэнка. “Усё, што рабіў спадар Хвастоў, дык толькі цытаваў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальныя кодэксы. Заканадаўства ў нас у краіне сапраўды добрае, але праблема ў тым, што яно не выконваецца”, – гаворыць Андрэй Бандарэнка.

Кіраўнік інфармацыйна-асветніцкай установы “Платформа” прэзентаваў камітэту альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны беларускімі праваабаронцамі. “Фактычна ўсе пункты, што ёсць у Канвенцыі, нашая краіна парушыла”, – падкрэсліў Андрэй Бандарэнка.

Прэтэнзіі камітэту да Беларусі тычацца выканання законных правоў затрыманых і асуджаных, забеспячэння бесперашкоднага доступу да іх адвакатаў. Камітэт просіць падаць інфармацыю, ці пакаралі дзяржаўных службоўцаў, якія катавалі людзей, каб здабыць прызнанні. А таксама заклікае тэрмінова гарантаваць поўную незалежнасць судовай улады і расследаваць справы адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзіяў за абарону асуджаных у справе 19 снежня.

На меркаванне Андрэя Бандарэнкі, афіцыйны Менск цяпер у цяжкай сітуацыі: бо выканаць рэкамендацыі ААН – фактычна прызнаць, што дзесяць гадоў у краіне самым грубым чынам парушаліся правы чалавека. Ён не ўпэўнены, што ўлады да гэтага гатовыя. “Тое, што адбылося з Алесем Бяляцкім, што адбываецца з Канавалавым і Кавалёвым, Аляксандрам Крутым і палітвязнямі, сведчыць, што краіна вяртаецца ў сталінскія часы”, – зазначае Андрэй Бандарэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў