Пра гэта заявіў у Бруселі еўракамісар у пытаннях пашырэння ЕЗ Штэфан Фюле. Разам з гэтым спадар Фюле зазначыў, што Еўропа хоча бачыць аб’яднанне беларускай апазіцыі і гатовая весці дыялог аб спрашчэнні візавага рэжыму.
Еўракамісар зазначыў, што агульны памер дапамогі для грамадзянскай супольнасці Беларусі ў 2011–2013 гг. складзе 19 млн 300 тыс. еўраў. Паводле еўрапейскага чыноўніка, беларускі бок не выказаў інтарэсу да спрашчэння візавага рэжыму з краінамі Еўразвязу, аднак размаўляць пра гэта ЕЗ дагэтуль гатовы.
У інтэрв’ю “Белсату” Штэфан Фюле заявіў, што Еўразвяз будзе размаўляць з Беларуссю пасля выканання пэўных умоваў: вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, а пасля ўжо дыялог.
“Гэта самыя важныя папярэднія ўмовы, без выканання якіх немагчыма наагул пачынаць нейкага плённага дыялогу. Калі гэтыя папярэднія ўмовы будуць выкананыя, мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб вярнуцца да гэтага дыялогу з уладамі Беларусі. Пакуль гэтага не адбываецца, Беларусь застанецца па-за агульнаеўрапейскімі праграмамі – такімі, як “Усходняе партнёрства”, і не будзе паўнавартасна карыстацца шырокім спектрам як шчыльнай палітычнай супрацы з ЕЗ, так і больш глыбокаю эканамічнаю інтэграцыяй у працэсы, якія прапаноўвае “Усходняе партнёрства”, – падкрэсліў еўракамісар.
Такім чынам, замест спробаў вярнуць Лукашэнку на шлях лібералізацыі, ЕЗ вырашыў паставіць на грамадзянскую супольнасць.
“Трэба дзяліцца з беларускім грамадствам, грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй нашымі поглядамі – тымі поглядамі, якія ёсць альтэрнатываю лукашэнкаўскім, – пра тое, што такое еўрапейская Беларусь, дэмакратычная Беларусь, свабодная Беларусь. І што можа быць зроблена, каб вярнуць Беларусь на належнае ёй месца на палітычнай мапе Еўропы”, – кажа Штэфан Фюле.
belsat.eu