«Белавія» спяшаецца набыць бразільскія самалёты


Бо з 2014 г. можна будзе купляць толькі расейскія.

Кампанія імкнецца як мага хутчэй абнавіць свой паветраны флот. Рэч у тым, што з 2014 г., паводле ўмоваў Мытнага звязу, у Беларусі павялічацца мыты на закупку замежных авіямашынаў. Тады, хутчэй за ўсё, парк тэхнікі будзе абнаўляцца толькі прадукцыяй расейскай вытворчасці.

Паводле дамовы з амерыканскаю кампаніяй «Air Lease Corporation» два новыя самалёты «Embraer-175» беларускі авіяперавозчык атрымае на ўмовах аператыўнага лізінгу тэрмінам на 10 гадоў. Першы самалёт мае трапіць у Беларусь восенню наступнага года.

«Яны дазволяць пашырыць маршрутную сетку «Белавія» і павялічыць частату асобных рэйсаў, – тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара кампаніі ў сферы маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці Ігар Чаргінец. – Эксплуатаваць іх плануем на лініях, дзе ёсць попыт на пералёты бізнес-класам: з Менску ў Маскву, Лондан, Парыж, Амстэрдам ды іншыя гарады». Новыя машыны будуць мець двухкласную канфігурацыі салону: 12 месцаў у салоне бізнес-класу і 64 месцы ў эканом-класе.

Паветраны флот беларускай авіякампаніі налічвае шэсць самалётаў «Boeing 737-500», чатыры «Boeing 737-300», чатыры «CRJ-100/200 LR» і тры «ТУ-154 М». Апошнюю мадэль, дарэчы, у 2006 г. знялі з вытворчасці. Адною з прычынаў адмыслоўцы называлі вузкі фюзеляж: у такім салоне немагчыма стварыць камфортныя ўмовы для пасажыраў.

«Паводле рашэння Камісіі Мытнага звязу, да 1 ліпеня 2014 года для кампаніяў Казахстану і Беларусі падоўжылі рэжым увозу самалётаў без мытаў і звязаных з гэтым плацяжоў. Мы ініцыявалі падаўжэнне гэтага рашэння да 2019 года. Разам з тым, да 2014 года мы імкнемся максімальна развязаць пытанні з мадэрнізацыяй свайго флоту», – заяўляе гендырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў.

belsat.eu

Стужка навінаў