Перад выездам студэнты тэлефануюць на «гарачую лінію»


Цікавасць да навучання за мяжою ў беларусаў узрастае, гаворыць менеджар гарачай лініі ў пытаннях бяспечнай міграцыі міжнароднага грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы»/праграма «Ла Страда» Ірына Пацановіч.

Нягледзячы на вялікі аб’ём інфармацыі пра навучанне за мяжой у інтэрнэце ды іншых крыніцах, маладыя людзі не заўсёды разумеюць, што менавіта яны хочуць знайсці і дзе гэта можна зрабіць, мяркуе жанчына.

Паводле яе, у 2008 г. з усіх, хто звярнуўся на «гарачую лінію» ў пытанні бяспечнай міграцыі, усяго 2 % цікавіліся навучаннем у ЗША і краінах Еўразвязу. У 2011 г. такіх ужо больш за 10 %. Па інфармацыю звяртаюцца як абітурыенты, гэтак і студэнты, што цікавяцца навучальнымі праграмамі, каб з карысцю правесці лета.

Паводле Ірыны Пацановіч, існуюць арганізацыі, якія аказваюць гэтак званае інфармацыйнае падтрыманне. За грошы яны даюць студэнту інфармацыю, якую ён і сам пры жаданні мог бы знайсці. У выніку студэнт, які звярнуўся ў такую фірму, не заўсёды ведае, што з гэтымі дакументамі рабіць далей, «як падаваць дакументы ў пасольства, які статус візы ў яго будзе, ды іншыя аспекты».

Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзелу знешняй працоўнай міграцыі дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Таццяна Лявіцкая, у Беларусі існуюць 52 ліцэнзаваныя арганізацыі, якія займаюцца працаўладкаваннем і навучаннем беларусаў за мяжою. У Менску такіх фірмаў пяць. Што датычыць студэнцкіх праграмаў, то ў асноўным гэта праграма «Work and Travel», якая дазваляе выехаць на заробкі ў ЗША і паглядзець краіну. «Улічваючы вялікі кошт гэтай праграмы, зарабіць шмат у студэнтаў не атрымліваецца. У сярэднім праграма каштуе 1,5 тысячы долараў, а працуюць яны ўсяго тры месяцы», – зазначыла Лявіцкая.

belsat.eu

Стужка навінаў