20 гадоў без СССР


8 снежня 1991 г. у рэзідэнцыі «Віскулі» ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расеі ды Украіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Так званае Белавежскае пагадненне паклала канец 69-гадовай гісторыі Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублікаў. Прычым пра спыненне існавання СССР як суб’екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці абвесцілі лідары тых савецкіх рэспублікаў, якія ў 1922 г. яго і заснавалі.

Станіслаў Шушкевіч узгадвае, што спачатку мэты сустрэчы ў Віскулях былі зусім іншыя. «Мы – Фокін, Краўчук, Кебіч і я – сабраліся прасіць Расею аб пастаўках нам вуглевадароднай сыравіны зімой 1991/1992 гадоў не на рыначных умовах, бо «рынак» мы не цягнулі. Вось была наша мэта – каб не замерзнуць», – распавядае палітык.

Паводле Станіслава Шушкевіча, тагачасныя лідары заходніх краінаў выказваліся супраць распаду СССР, бо апасаліся грамадзянскай вайны. «Яны думалі, што мы дурні – падзелімся і будзе бойка. Дык вось, я лічу, што ў нас хапіла і мужнасці, і розуму і падзяліцца, і не пабіцца, не праліць ні кроплі крыві. Потым ужо назвалі гэта «белавежскім кансенсусам», «шэдэўрам дыпламатыі канца ХХ стагоддзя», – распавядае ён.

Праз 13 дзён, 21 снежня, у Алма-Аце кіраўнікі 11 новых суверэнных дзяржаваў (акрамя Прыбалтыйскіх краінаў і Грузіі) падпісалі пратакол да Пагаднення аб стварэнні СНД, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расейская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан, Рэспубліка Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаваў. Удзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублікаў да супрацы ў розных галінах знешняй і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў былога СССР. У снежні 1993 г. да СНД далучылася Грузія. Але ў 2009 г., праз год пасля ўзброенага канфлікту з Расеяй, яна пакінула гэтае міждзяржаўнае ўтварэнне.

belsat.eu

Стужка навінаў