Пётр Ендрошчык у “Гарачым каментары”


Больш за паўтысячы збітых і затрыманых на Трыумфальнай плошчы ў Маскве. Учора расейская апазіцыя спрабавала правесці чарговую акцыю супраць сфальсіфікаваных, на іхную думку, выбараў у Дзяржаўную думу. Улады адказалі брутальна – у аўтазакі траплялі ўсе, у тым ліку і журналісты. Падзея, якая беларусам шмат у чым можа нагадаць пратэсты 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

У цэнтр расейскай сталіцы прыйшлі не толькі сталыя ўдзельнікі дэманстрацыяў апазіцыі, але і грамадзяне, якія прызнавалі, што ніколі не хадзілі на падобныя акцыі. Пра гэта кажа і колькасць пратэстоўцаў. Раней мітынгі на Трыумфальнай плошчы збіралі некалькі сотняў чалавек, гэтым разам на вуліцы выйшлі каля паўтары тысячы нязгодных з перамогай “Единой России”. У выніку паліцыя затрымала рэкордную колькасць – 569 чалавек. Тым часам у інтэрнэце з’яўляюцца ўсё новыя сведчанні фальсіфікацыі выбараў і заклікі не спыняць пратэстаў. Улады ж сцягваюць у сталіцу ўнутраныя войскі.

Паводле былога маскоўскага карэспандэнта аднаго з найбуйнейшых польскіх выданняў “Rzeczpospolita”, выбарчае заканадаўства Расеі адмыслова абмяжоўвае колькасць партыяў, якія могуць прайсці ў Думу. Выбарчы парог 7 % прайшлі толькі “Единая Россия”, Камуністычная партыя РФ, ліберал-дэмакраты і “Справедливая Россия”.

“Гэтыя пратэсты можа і нешматлікія, але тое, што яны працягваюцца ўжо тры дні, сведчыць, што апазіцыя ў Расеі існуе. Гэтыя рэчы могуць стаць для ўладаў сапраўднаю праблемаю. Фальсіфікацыі былі яшчэ ў 1996 годзе, калі Ельцын на пачатку года меў рэйтынг 3 %, а ўсё ж такі перамог на выбарах. Тое ж адбываецца і зараз, толькі ўжо больш тонка. Людзі ў рэгіёнах робяць гэта часта нават без дамовы з Масквой. Яны хочуць, каб іхныя людзі маглі граць нейкую ролю на месцах. Так што фальсіфікацыі – гэта, на жаль, нармальная рэч”, – зазначыў спадар Ендрошчык.

Паўтары тысячы чалавек на 11 мільёнаў жыхароў расейскай сталіцы – гэта, здавалася б, няшмат. Аднак, як зазначае журналіст, аўтарытарная ўлада заўсёды будзе жорстка рэагаваць на якія заўгодна сур’ёзныя пратэсты. Галоўная прычына – звычайны страх.

“Яны баяцца, што калі пратэсты будуць працягвацца некалькі дзён, то могуць перакінуцца на іншыя расейскія гарады. Для расейцаў тое, што адбываецца ў сталіцы, – гэта як бы мера таго, як трэба рабіць”, – мяркуе журналіст.

Паводле Пятра Ендрошчыка, пратэсты ў Расеі ды падзеі ў Менску 19 снежня маюць няшмат агульнага. “Рэакцыя беларускай міліцыі была нашмат больш брутальная, за краты трапілі палітычныя апаненты, а ў Расеі гэтага няма. Прычына простая: у Расеі – аўтарытарная ўлада, а ў Беларусі – дыктатура, якая робіць што хоча”, – падкрэсліў спадар Ендрошчык.

belsat.eu
https://youtu.be/KOnso5dr6aY

Глядзі таксама
Каментары