Мядзведзеў: Яны нам хутка будуць казаць, як Канстытуцыю пісаць


Прэзідэнт Расеі чарговы раз паўтарыў аб трыумфе дэмакратыі на парламенцкіх выбарах і раскрытыкаваў незалежных назіральнікаў.

Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што партыя “Единая Россия” годна і паспяхова выступіла на выбарах, аднак ужо цяпер трэба падумаць пра рэформы ў выбарчым заканадаўстве і пра блізкія прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на сакавік 2012-га.

“Што тычыцца вынікаў апошніх выбараў у Дзяржаўную думу, я яшчэ сустрэнуся з кіраўнікамі ўсіх нашых партыяў, і парламенцкіх і непарламенцкіх. Я лічу, што ў іх таксама будуць нейкія прапановы дзеля паляпшэння выбарчага заканадаўства. Мы гэта ўсё абмяркуем, бо як я ўжо неаднаразова казаў, што нашая дэмакратыя – яна развіваецца, яна не ідэальная, і пасля кожных выбараў мы ўносілі карэктывы ў выбарчае заканадаўства. Калі ж яны (незалежныя назіральнікі) сочаць за выбарамі, за якасцю выбараў, за парушэннямі – гэта адное, а пытанне аб тым, як выглядае палітычная сістэма – гэта не іхная справа, яны нам хутка будуць казаць, як Канстытуцыю пісаць трэба”, – сказаў кіраўнік Расеі ў адказ на заявы аб шматлікіх парушэннях падчас выбараў у Думу.

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што мінулыя выбары не былі свабодныя і справядлівыя.

Апазіцыя таксама заяўляе пра фальсіфікацыі. “Гэтым разам нашыя вынікі на асобных участках паменшылі ў шмат разоў, а агулам нашыя вынікі былі заніжаныя не менш як удвая. Мы дакладна ведаем нашыя вынікі ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе – гэта каля 20 %. На шмат якіх маскоўскіх участках мы занялі першае месца. Мы пройдзем усе суды да канца, мы будзем патрабаваць адмены гэтых вынікаў на асобных участках”, – заяўляе лідар партыі “Яблоко” Грыгорый Яўлінскі.

У панядзелак і аўторак тысячы выйшлі на вуліцы Масквы і Санкт-Пецярбургу, каб выказаць свой пратэст супраць вынікаў выбараў. Іх сустрэла міліцыя, унутраныя войскі ды тысячы прыхільнікаў кіроўнага тандэму. У выніку сутыкненняў з праваахоўнікамі некалькі соцень пратэстоўцаў затрымалі.

belsat.eu

Стужка навінаў