Фіны інвестуюць у Гарадзеншчыну


Сёлета колькасць камерцыйных арганізацыяў з замежнымі інвестыцыямі ў Гарадзенскай вобласці павялічылася на 13 суб’ектаў.

Як паведамляе прэсавы цэнтр Міністэрства падаткаў і збораў, на Гарадзеншчыне цяпер зарэгістраваныя 316 арганізацыяў з замежнымі інвестыцыямі. «Найбольшая колькасць такіх прадпрыемстваў зарэгістраваныя ў Горадні – 176, у Лідскім раёне іх 41, у Гарадзенскім – 19, у Смаргонскім – 14. У параўнанні з пачаткам года іх колькасць павялічылася на 13», – удакладняе старшыня гарадзенскай інспекцыі міністэрства Валер Паваротны.

Паводле інфармацыі абласнога ўпраўлення статыстыкі, за студзень–верасень 2011 г. замежныя інвестары ўклалі ў 2,4 разы больш інвестыцыяў, чымся за аналагічны перыяд летась. Асноўнымі інвестарамі былі бізнесоўцы з Фінляндыі (24,5 % ад усіх інвестыцыяў), Польшчы (21,9 %), Літвы (21,3 %), Кіпру (10,1 %) і Расеі (8,3 %).

У 2011 г. улады вобласці спадзяваліся прыцягнуць наўпроставыя замежныя інвестыцыі на суму 647 млн долараў. Планавалася будаўніцтва новага цукровага заводу і птушкафабрыкі. Незалежныя эксперты звяртаюць увагу на тое, што за апошні год інвестыцыйны імідж Беларусі значна пагоршыўся. «Нестабільныя ўмовы і фінансавыя праблемы прывялі да таго, што Беларусь саступае ў канкурэнцыі краінам-суседзям. Такім чынам, замежныя інвестыцыі цяпер абыходзяць Беларусь бокам і актыўней паступаюць ва Украіну, Расею і Літву», – адзначае інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары