Менскія рэстараны «McDonald’s» - у ліку 50 самых папулярных у свеце


За 14 гадоў працы ў Беларусі кампанія «падкарміла» рэжым амаль на $ 80 млн. Замежнае прадпрыемства «Рэстараны МакДональдс» – найбуйнейшы падаткаплатнік у сістэме грамадскага харчавання беларускай сталіцы.

«За 14 гадоў у дзяржаўны і гарадскі бюджэты пералічаныя 77,8 мільёнаў долараў у выглядзе падаткаў і збораў», – падкрэсліла генеральны дырэктар кампаніі Вікторыя Данько 6 снежня ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 15-годдзю працы «McDonald’s» у Беларусі.

Яна нагадала, што 15 гадоў таму, 10 снежня 1996 г., у Менску адначасова адчыніліся тры рэстараны. Беларусь сталася 100-ю краінаю, дзе з’явілася сетка «McDonald’s». Цяпер у Менску працуюць шэсць кропак. За 14 гадоў працы ў Беларусі рэстараны «McDonald’s» абслужылі больш за 135 млн чалавек.

«Чатыры з шасці рэстаранаў «McDonald’s», што працуюць у Беларусі, уваходзяць у топ-50 рэстаранаў, якія больш за іншыя наведваюць у свеце. Гэта сведчыць пра паспяховасць вядзення бізнесу ў Беларусі, прафесіяналізм каманды, што працуе ў Беларусі, а таксама пра высокую якасць паслугаў ды іх папулярнасць сярод насельніцтва Беларусі», – заявіў віцэ-прэзідэнт Усходнееўрапейскага дывізіёна «McDonald’s», генеральны дырэктар «McDonald’s» ва Украіне Іян Бордэн.

У адпаведнасці са стратэгіяй развіцця кампаніі штогод у Менску плануецца адкрываць мінімум адзін рэстаран. Кіраўнік аддзелу развіцця і будаўніцтва «McDonald’s» у Беларусі Максім Вяткін паведаміў, што перамовы пра будаўніцтва кропкі распачаліся ў Гомлі. Ён таксама адзначыў, што кампанія супрацоўнічае з беларускімі харчовымі прадпрыемствамі: ААТ «Савушкін прадукт», Гармалзавод № 2, ААТ «Салігорская птушкафабрыка».

ЗП «Рэстараны МакДональдс» актыўна ўдзельнічае ў падтрыманні дабрачынных праектаў і праграмаў: за час працы ў Беларусі кампанія накіравала на гэтыя мэты больш за 1,6 млрд руб.

belsat.eu

Стужка навінаў