Беларуская гасціннасць: У аэрапорце замежніку не далі запіць лекі


Інцыдэнт з прадстаўнікамі нарвежскага і дацкага ПЭН-цэнтраў – яшчэ адзін удар па іміджы Беларусі, мяркуе паэт Андрэй Хадановіч.

Прадстаўнікоў нарвежскага і дацкага ПЭН-Цэнтраў уначы на 5 снежня не ўпусцілі ў Беларусь. Адмова ў візе, а потым доўгае – без вады і ежы – чаканне самалёта ў адваротны бок. У гэткай «ветлівай» сустрэчы беларускі бок не пабачыў анічога надзвычайнага. Кіраўнік прэсавай службы Памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка пакрэсліў, што пісьменніцкае паходжанне гасцей анідзе не ўказвалася і чатырох мужчынаў ніхто не затрымліваў.

Паводле старшыні беларускага ПЭН-цэнтру Андрэя Хадановіча, тое, што адбываецца, – своеасаблівая форма падзякі беларускіх уладаў Міжнароднаму ПЭН-клубу за аб’ектыўнасць і прынцыповасць пазіцыі ў дачыненні Беларусі.

«Рызыкну правакацыйна сказаць, што гэта – форма своеасаблівага беларускага прызнання, – гаворыць Андрэй Хадановіч. – Для мяне гэта сведчанне таго, што гэтыя людзі робяць аб’ектыўную працу на карысць Беларусі, на карысць распаўсюду незалежнай аб’ектыўнай інфармацыі. Таму арганізацыя ПЭН-клуб не зручная для любой аўтарытарнай улады».

Ён нагадвае, што сябрамі беларускага ПЭН-цэнтру ёсць Уладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута, Павал Севярынец і Алесь Бяляцкі.

«Менск-2» будзе асацыявацца з асабліва негасцінным змрочным месцам. Ясна, што інфармацыя пра тое, як аднаму з удзельнікаў дэлегацыі, які патрабаваў вады, каб запіць лекі, бо мае праблемы з сэрцам, не далі вады – ясна, што гэтая інфармацыя будзе распаўсюджвацца», – дадае Андрэй Хадановіч.

belsat.eu

Стужка навінаў