Настасся Віннікава паспрабуе прабіцца на “Еўрабачанне” яшчэ раз


Пра гэта паведаміў кіраўнік праекту “Еўрафэст”, народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч на прэс-канферэнцыі ў Менску.

За права рэпрэзентаваць Беларусь на “Еўрабачанні” будуць змагацца гурты “Thriller”, “Litesound”, “Nuteki”, “The Champions”, “Экивоки”, выканаўцы Гюнеш, Настасся Віннікава, Yuzary, Ганна Благава, Герман, дуэт Аляксандры Гайдук і Наталлі Балдзінай, Ян Жэнчак і гурт “Outerplain”, Алёна Ланская, Аўра, Вікторыя Алешка.

Першапачаткова на ўдзел у паўфінале прэтэндавалі 115 чалавек, сярод якіх былі вядомыя беларускія выканаўцы Вера Карэтнікава і гурт “Тяни-толкай”, Лена Валошына, Ніна Багданава, “Дрозды”, Георгій Калдун, Ірына Дарафеева, Венера, Іскуі Абалян, Іван Буслай ды іншыя.

“Адкрыццём” сёлетняга “Еўрафэсту” Аляксандр Ціхановіч назваў гурт “Thriller”, новы праект Івана Луцэнкі. “Гэта жыва, цікава, у іх харызматычная салістка. Відаць, што гурт згуляны, добра трымаецца на сцэне”, – адзначыў ён.

Паўфінал “Еўрафэсту” плануецца правесці 21 снежня. Журы і тэлегледачы абяруць не больш за 5 фіналістаў. Пераможца праекту “Еўрафэст”, які выступіць ад Беларусі на “Еўрабачанні-2012” у Азербайджане, стане вядомы ў студзені 2012 года.

“Паседжанне журы праходзіла ў два этапы, – распавёў Ціхановіч. – Першы раз мы слухалі ўсіх выканаўцаў у Моладзевым тэатры эстрады, другі – у тэлеварыянце. Паколькі “Еўрабачанне” – конкурс тэлевізійны, важна было ацаніць, як нашых удзельнікаў чуваць і відаць на блакітным экране. Мне было вельмі прыемна, што ў “Еўрафэсце” ўзялі ўдзел не толькі маладыя выканаўцы, але і зоркі нашай эстрады Іскуі Абалян, Ірына Дарафеева, Георгій Калдун, Іван Буслай, Ніна Багданава ды іншыя. Нумары ў іхным выкананні былі выдатныя, а вось песні, на погляд журы, не фармату “Еўрабачання”.

Ціхановіч адзначыў, што беларуская эстрада зведала змены – гэта значыць, яна жыве, развівае традыцыі. “Думаю, пройдзе зусім крыху часу, і нас пачнуць вельмі і вельмі здзіўляць”, – заінтрыгаваў ён.

Паводле кіраўніка праекту, заяўкі ад аўтараў яшчэ працягваюць паступаць, таму паседжанне журы ў справе “банку песень” пакуль не праходзіла.

belsat.eu

Стужка навінаў