У Маскве працягваюцца сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй


Паліцыя працягвае затрымліваць людзей на Трыумфальнай плошчы, дзе непарламенцкая апазіцыя планавала правесці акцыю за скасаванне вынікаў выбараў у Дзярждуму.

Супраць некалькіх соцень прыхільнікаў апазіцыі на плошчу выйшлі каля дзвюх тысяч актывістаў моладзевага пракрамлёўскага руху “Молодая гвардия “Единой России”. Яны імкнуцца заглушыць апазіцыянераў – б’юць у бубны і скандуюць “Расея, Мядзведзеў, перамога”, “Народ, Мядзведзеў, Пуцін”. Прыхільнікі апазіцыі не здаюцца і спрабуюць перакрычаць пракрамлёўскіх актывістаў лозунгамі “Расея без Пуціна”, “Ганьба”, “Народ не верыць Пуціну”.

Напярэдадні ў панядзелак апазіцыі ўдалося сабраць на Чыстых ставах каля шасці тысяч чалавек. Нягледзячы на тое, што акцыя была санкцыянаваная, праваахоўнікі затрымалі калі 300 удзельнікаў.

Сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй працягваюцца ўжо трэці дзень. Удзельнікі мітынгаў аспрэчваюць вынікі выбараў у Дзяржаўную думу, якія прайшлі ў нядзелю, 4 снежня. Чаканую перамогу атрымаў прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін са сваёю партыяй “Единая Россия”.

Прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што выбары былі “справядлівыя, сумленныя і дэмакратычныя”, але еўрапейскія назіральнікі канстатавалі парушэнні, у тым ліку ўкідванне бюлетэняў.

Апаненты заяўляюць, што нават афіцыйны вынік “Единой России” – крыху менш за 50 % галасоў – быў атрыманы падманным шляхам. Лідар камуністаў Генадзь Зюганаў, які мае на мэце павялічыць прадстаўніцтва ў парламенце з 57 да 92 месцаў, заявіў, што выбары былі самымі бруднымі пасля развалу Савецкага Саюзу.

belsat.eu

Стужка навінаў