Сваякі чыноўнікаў будуць падаваць дэкларацыі аб прыбытках?


Такі абавязак можа з’явіцца, калі прымуць папраўкі ў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

Паводле дзейнага закону “Аб барацьбе з карупцыяй”, падаваць дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці мусяць дзяржслужбоўцы, а таксама іхныя сямейнікі. “Згодна з папраўкамі, гэты абавязак будзе распаўсюджвацца яшчэ на асобаў, прыраўняных да дзяржаўных службовых асобаў, на жонку (мужа) і блізкіх сваякоў, якія жывуць з чыноўнікам. Падаваць дэкларацыі таксама будуць абавязаныя грамадзяне, якія паступаюць на вайсковую службу паводле кантракцу, на службу ў органы ўнутраных справаў, органы і падраздзяленнi органаў надзвычайных сітуацыяў, у органы фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю”, – удакладняе Ігнацій Місурагін, старшыня сталай камісіі нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў.

Унясенне зменаў у тэрміналогію будзе мець сур’ёзныя наступствы: пашырыцца кола асобаў, для якіх закон усталёўвае шэраг абмежаванняў. Паводле закону, дзяржаўныя службовыя асобы і тыя, хто да іх прыраўняны, не могуць займацца прадпрымальніцкаю дзейнасцю, браць удзел у кіраванні камерцыйнай арганізацыяй, мець рахункі ў замежных банках, уваходзіць у палітычныя партыі. Прыхільнікі паправак – прадстаўнікі судоў і Генеральная пракуратура. Вядома, што незадаволенасць выказваюць працаўнікі сілавых структураў.

Незалежныя эксперты станоўча ацэньваюць новаўвядзенні, аднак заўважаюць, што працэс мусіць быць публічны. “За мяжою чыноўнікі адкрыта публікуюць у СМІ інфармацыю пра свае прыбыткі, маёмасць. У той час у беларускіх медыях такая інфармацыя з’яўляецца толькі напярэдадні выбараў, калі чыноўнік прэтэндуе яшчэ і на пасаду дэпутата, бо гэта замацавана заканадаўча”, – заўважае юрыстка Святлана Шлома.

belsat.eu

Стужка навінаў