Байкот ці ўдзел? “Кааліцыя шасці” рыхтуецца да выбараў


У парламенцкіх выбарах 2012 г. у Беларусі “кааліцыя шасці” будзе ўдзельнічаць, але ў якім фармаце – яшчэ не вызначана. Пра гэта заявіў адзін з удзельнікаў кааліцыі, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін 6 снежня пасля сустрэчы лідараў “кааліцыі шасці” ў Менску.

Паводле Марголіна, на сустрэчы абмяркоўваўся план палітычных дзеянняў на канец 2011 года і на 2012 год. “Кааліцыя шасці”вырашыла распачаць фармаванне агульнага спісу палітычных лідараў у краіне для правядзення супольных палітычных акцыяў, не выключаючы парламенцкія выбары. “Вырашана, што асноўны цяжар фармавання гэтых спісаў ляжа на нашыя рэгіянальныя арганізацыі ды кааліцыі”, – адзначыў ён.

“Палітычныя партыі не могуць не ўдзельнічаць у выбарах, таму ў выбарах мы будзем удзельнічаць у любым выпадку, але фармат гэтага ўдзелу яшчэ не вызначаны. Гэта можа быць і байкот, актыўны байкот з тлумачэннем нашай пазіцыі ці ўдзел у парламенцкіх выбарах у якасці кандыдатаў ад кааліцыі”, – патлумачыў Марголін.

Ён паведаміў, што АГП сфармулюе сваю афіцыйную пазіцыю падчас з’езду партыі. “Але я думаю, большасць сябраў партыі ўсё ж прытрымліваюцца той пазіцыі, што калі не будзе аніякіх зменаў у фармаце правядзення выбараў, у выбарчым заканадаўстве і калі не будуць адпушчаныя палітвязні, то, напэўна, мы вылучаць сваіх кандыдатаў не будзем”, – сказаў прадстаўнік АГП.

Нагадаем, у “кааліцыю шасці” ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, руху “За Свабоду” і кампаніі “Гавары праўду!”.

belsat.eu

Стужка навінаў