Асуджаных за Плошчу пачалі выклікаць у міліцыю


Папярэджанне ад пракуратуры 6 снежня атрымаў Уладзімір Някляеў. Заўтра ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі чакаюць Насту Палажанку.

Як распавяла “Белсату” намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка, позва складзеная вельмі эмацыйна. У ёй міліцыянты паведамляюць, што чакаюць дзяўчыну 7 снежня аб 11:00 на размову “аб захаванні парадку і ўмоваў адбыцця пакарання, дачы тлумачэнняў адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцця”. “У мяне нават бацькі ўжо даўно пра такое не пытаюцца”, – жартуе Наста Палажанка.

Дзяўчына мяркуе, што выклік у інспекцыю звязаны з 19 снежня. У гадавіну разгону пратэставай плошчы “Малады фронт” заклікае ўсіх неабыякавых да тых падзеяў, а таксама на знак салідарнасці з палітвязнямі запаліць “знічкі надзеі” ўздоўж праспекту Незалежнасці.

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў таксама мяркуе, што сённяшняе папярэджанне яму вынеслі ў прафілактычных мэтах перад 19 снежня, хоць пракурору Ленінскага раёну Менску і не спадабалася, што палітык з’ехаў на Дзяды ў Крэва, дзе пахаваныя ягоныя сваякі. Уладзімір Някляеў гаворыць, што падпісваць папярэджанне ён адмовіўся, бо лічыць сябе незаконна асуджаным, пра што чарговы раз і заявіў пракурору. “Я заявіў, што як дзейнічаў, гэтак і буду дзейнічаць, як свабодны чалавек. На гэтым і развіталіся”, – гаворыць Уладзімір Някляеў.

Ён зазначае, што нягледзячы на псіхалагічны ціск з’язджаць з краіны, як тое ні хацелася б уладам, ён не збіраецца.

Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева асудзілі ў справе 19 снежня на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выраку на два гады. Намесніцу старшыні “Маладога фронту” Насту Палажанку – на 1 год умоўна.

belsat.eu

Стужка навінаў