Міхаіл Гарбачоў заявіў, што не бачыць дэмакратычнай Расеі


Апошнія парламенцкія выбары паказалі, што ў грамадстве расце стомленасць ад чалавека, які дамінуе ў краіне ўжо больш за дзесяць гадоў і плануе вярнуцца на прэзідэнцкі пост у наступным годзе.

Прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што выбары былі “справядлівыя, сумленныя і дэмакратычныя”, але еўрапейскія назіральнікі адзначылі відавочныя парушэнні, у тым ліку ўкідванне бюлетэняў.

“У нас няма рэальнай дэмакратыі, і ў нас яе не будзе, калі ўрад баіцца свайго народу, баіцца выказвацца адкрыта, каб давесці сваё гледзішча і прапаноўваць уласныя праекты”, – заявіў былы прэзідэнт СССР на радыё “Эхо Москвы”.

Гарбачоў не ўпэўнены, што партыя Пуціна можа мадэрнізаваць Расею. “Я не веру, што гэтая каманда возьме на сябе адказнасць і прапануе праект мадэрнізацыі палітычных структураў і палітычнай базы, створыць умовы дзеля таго, каб народ прыйшоў і прагаласаваў за іхны праект, іхны план. Не пойдуць яны на гэта”, – заявіў Гарбачоў.

Хоць Пуцін усё яшчэ можа выйграць прэзідэнцкія выбары ў сакавіку наступнага года, вынік нядзельнага галасавання можа падарваць ягоны аўтарытэт.

“Я думаю, што сітуацыя цяпер такая, што ўлады месцяцца паблізу чырвонай лініі. Яны мусяць спыніцца і перад прэзідэнцкімі выбарамі прыйсці з іншым падыходам, выйсці на іншую сістэму ўлады”, – упэўнены былы прэзідэнт СССР.

У выніку апошніх парламенцкіх выбараў “Единая Россия” хоць і заняла першае месца, але, параўнальна з папярэднім вынікам, страціла 77 мандатаў у Дзяржаўнай Думе і атрымала 238 месцаў з 450.

belsat.eu

Стужка навінаў