Гілары Клінтан: Правы чалавека ў Беларусі працягваюць парушаць


Пра гэта дзяржсакратар Злучаных Штатаў Гілары Клінтан заявіла на 18-й сесіі Рады міністраў АБСЕ ў Вільні.

Клінтан падкрэсліла, што ў Беларусі працягваецца пераслед праваабаронцаў. “Алесь Бяляцкі нядаўна быў асуджаны нібыта за нявыплату падаткаў. Але рэальна яго асудзілі за тое, што ён абараняў правы іншых”, – заявіла дзяржсакратар ЗША.

Акрамя Бяляцкага, адзначыла яна, у Беларусі ёсць і іншыя палітзняволеныя, у прыватнасці, экс-кандыдаты на прэзідэнта Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч.

Гілары Клінтан таксама паведаміла, што сёння адбудзецца ейная сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краінаў-чальцоў АБСЕ, у тым ліку Беларусі, на якой абмяркуюць новыя выклікі ў сферы абароны правоў чалавека.

Сесія Рады міністраў АБСЕ будзе працаваць 6–7 снежня. У ёй удзельнічаюць міністры замежных справаў 56 краінаў-чальцоў АБСЕ, у тым ліку кіраўнік беларускага Міністэрства замежных справаў Сяргей Мартынаў.

Як паведаміла МЗС Літвы, на сесіі чакаецца прыняцце важных рашэнняў адносна бяспечнай працы журналістаў і энергетычнай бяспекі, барацьбы з кібернетычнымі пагрозамі ды распаўсюдам наркотыкаў, разгледзяць пытанні ўмацавання даверу ў вайсковай сферы і галіне бяспекі.

Беларуская дэлегацыя мае намер прапанаваць АБСЕ распрацаваць універсальныя стандарты правядзення і ацэнкі выбараў, а таксама назірання за імі. Акрамя таго, як паведаміла Міністэрства замежных справаў Беларусі, беларускі бок плануе ініцыяваць абмеркаванне пытанняў, якія тычацца свабоды перамяшчэння і лібералізацыі візавых працэдураў. Таксама Беларусь прапануе АБСЕ, як рэгіянальнай арганізацыі, вызначыць фармат свайго ўдзелу ў глабальным плане ААН у барацьбе з гандлем людзьмі. На сесіі запланаваныя двухбаковыя сустрэчы міністра замежных справаў Беларусі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары