Крэймэр: Каб застацца ва ўладзе, Лукашэнка ахвяруе незалежнасцю краіны


Аляксандр Лукашэнка стварае пагрозу для незалежнасці сваёй краіны, таму неабходна пашыраць эканамічныя санкцыі ў дачыненні Беларусі, заявіў кіраўнік няўрадавай арганізацыі “Freedom House”, былы высокапастаўлены працаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Дэйвід Крэймэр на канферэнцыі АБСЕ ў Вільні.

“Я мяркую, што для ЗША і Еўразвязу вельмі важна рабіць дадатковыя захады дзеля ўжывання эканамічных санкцыяў – і рабіць гэта як мага хутчэй. Перад тым, як Лукашэнка прадасць краіну Расеі… Мы бачым, што дзеля таго, каб застацца ва ўладзе, А. Лукашэнка ахвяруе незалежнасцю краіны”, – прыводзіць словы Крэймэра delfi.lt са спасылкаю на BNS.

Кіраўнік “Freedom House” выказаў шкадаванне, што Расея вырашыла падтрымаць беларускі рэжым: “10 млрд долараў на фіктыўную АЭС, мільярды долараў энергетычных субсідыяў, пазыкаў. На жаль, гэта крок назад, бо, як я лічу, Лукашэнка з узнікненнем эканамічнага крызісу апынуўся на вельмі тонкім лёдзе, які сам і стварыў. На жаль, здаецца, што лідары ў Маскве, якія гэтак жа мяркуюць, аказваюць яму дапамогу”.

Паводле меркавання Крэймэра, націск і санкцыі – адзіны спосаб супрацы, які зразумелы Лукашэнку. “Мы мусім зразумець, што ён больш не можа вярнуць свайго добрага імя, ён не павядзе Беларусь у дэмакратычную будучыню. Ён – перашкода для Беларусі на шляху далучэння да еўрапейскай сям’і, – лічыць Крамер. – Патрабаванне абсалютнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў – неабходная ўмова перад якімі-небудзь размовамі, звязанымі з Беларуссю. Гэта выпраўленне дрэннай працы, гэта не штосьці, за што Лукашэнка мусіць атрымаць нейкую кампенсацыю”.

Кіраўнік “Freedom House” прызнаў, што з пашырэннем эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі могуць пацярпець і простыя грамадзяне гэтай краіны: “У вызначаны момант гэтыя санкцыі мусяць адбіцца і на простых беларусах, каб ціск з’явіўся і знізу. Аднак асноўная мэта гэтых санкцыяў – не простыя жыхары Беларусі”.

У той жа час Крэймэр падкрэсліў важнасць публічнай дыпламатыі, бо ўзнікае небяспека, што Беларусь расчаруецца ў Захадзе, калі асабіста адчуе ўздзеянне эканамічных санкцыяў.

“Рызыка ёсць заўсёды. Таму вельмі важна, каб палітыка санкцыяў суправаджалася публічнаю дыпламатыяй, якая тлумачыла б, што гэтыя санкцыі скіраваныя на рэжым. Мы ведаем, што наступствы могуць адчуць людзі Беларусі, але гэта не асноўнае ўздзеянне, на якое мы спадзяемся”, – падкрэсліў Крэймэр.

У 2005–2007 гг. Дэйвід Крэймэр займаў пасаду памочніка намесніка дзяржсакратара ЗША па Еўропе і Еўразіі, курыраваў палітыку ў дачыненні Беларусі, Малдовы, Расеі, Украіны, а таксама пытанні нераспаўсюджання ядравай зброі. На гэтай пасадзе ён некалькі разоў наведваў Беларусь і праводзіў перамовы з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі аб вызваленні палітзняволеных. У 2007–2009 гг. Крэймэр быў намеснікам дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы.

belsat.eu

Стужка навінаў