Спыняць кошты на бензін ніхто не прыехаў


У Менску ізноўку не адбылася анансаваная ў сацыяльных сетках пратэставая акцыя “Стоп бензін”.

Планавалася, што акцыя пачнецца а 19-й гадзіне. Аўтамабілістаў заклікалі блакаваць рух у раёне Кастрычніцкай плошчы, у рэгіёнах – каля мясцовых гарвыканкамаў. Аднак акрамя міліцыянтаў ды АМАПу, іншых удзельнікаў акцыі заўважна не было.

“Людзі не дэманструюць аніякай актыўнасці. Магчыма, шмат каго цяпер больш хвалюе пытанне, як выжыць. Але большасць сядзіць і чакае, што вось нехта прыйдзе і развяжа ўсе праблемы за нас”, – пракаментаваў “Белсату” адсутнасць пратэставых настрояў каардынатар руху “За аўта” Арцём Шаркоў.

Ён адзначыў, што да запланаванай на сёння акцыі рух не меў дачынення, аднак гэта не значыць, што іх не хвалюе тэма падаражання паліва. Прадстаўнікі “За аўто” неаднаразова звярталіся да чыноўнікаў з прапановай абмеркаваць пытанні фармавання коштаў на бензін, але наладзіць зваротную сувязь аніяк не атрымліваецца. “Вялікія і разумныя дзядзькі” разглядаць нашыя прапановы не хочуць, роўных партнёраў у нас не бачаць, бо, імаверна, лічаць, што ім лепш вядома, як нам трэба жыць, колькі і за што трэба плаціць”, – зазначае Арцём Шаркоў.

Чарговае, адзінаццатае з пачатку года падаражанне нафтапрадуктаў адбылося 3 снежня: у сярэднім паліва стала каштаваць больш на 10 %. Эксперты мяркуюць, што сёлета цана яшчэ будзе расці. Як заявіў 30 лістапада ў парламенце віцэ-прэм’ер Сяргей Румас, увядзенне жорсткіх абмежавальных захадаў, накіраваных на скарачэнне вывазу паліва за межы Мытнага саюзу, значных вынікаў не дало: штодня мытныя органы фіксуюць шматлікія чэргі на мяжы. Паводле яго, выйсце з гэтай сітуацыі толькі адно: «паступовае прывядзенне цэнаў да ўзроўню, які зробіць масавы вываз паліва эканамічна немэтазгодным».

belsat.eu

Стужка навінаў