АГП ладзіць акцыю ахвяраванняў сем'ям палітзняволеных і сіротам


Самыя буйныя ахвяравальнікі атрымаюць унікальныя творы мастацтва, прэзентацыя якіх адбудзецца 21 снежня ў офісе АГП. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка партыі Ганна Красуліна.

Сабраныя сродкі выкарыстаюць для выдання інфармацыйных матэрыялаў, а таксама перададуць ў падтрымку рэпрэсаваных і на калядныя падарункі для дзяцей з інтэрнатаў і дзіцячых дамоў у межах кампаніі “Дапамажы дзецям”, якую праводзіць моладзевае крыло АГП “Маладыя дэмакраты”.

Паводле прэс-сакратаркі, мэта акцыі – нагадаць людзям “у змрочнай палітычнай сітуацыі пра тое, што бязлітаснасць і зласлівыя пачуцці, на якіх зараз гуляе ўлада, не ёсць добра”. Красуліна адзначыла важнасць формы такога напаміну. “Усё гэта можа быць яркім. Мы хочам прыўнесці колер. І паказаць, што і ў гэта надвор’е, і ў гэтых умовах можна зрабіць нешта крэатыўна, ярка, цікава”, – сказала яна.

“Прэзентацыя карцінаў адбудзецца 21 снежня ў офісе АГП аб 11:00. Гэта будуць чатыры эксклюзіўныя працы аўтарства “віп-каманды АГП”: Станіслава Багданкевіча, Міхаіла Чыгіра, Анатоля Лябедзькі, Зінаіды Бандарэнкі”, – паведаміла Красуліна.

Часткаю прэзентацыі стане ўручэнне адной з карцінаў у якасці падзякі за самае буйное ахвяраванне. Прымаць сродкі будуць яшчэ два тыдні. За вялікія ахвяраванні падораць астатнія карціны.

“У маім разуменні 500 долараў – буйное ахвяраванне. Улічваючы той факт, што мы запрашаем чальцоў дыпламатычнага корпусу, мы спадзяемся, што такога ўзроўню ахвяраванняў мы зможам дасягнуць. Гэта не толькі ўнёсак у дапамогу рэпрэсаваным і дзецям, гэта, можа быць, нават укладанне сродкаў, бо карціны эксклюзіўныя: спадзяюся, гэта будзе рарытэтам у будучай Беларусі”, – падкрэсліла Красуліна.

belsat.eu

Стужка навінаў