У Гарадзенскім раёне пенсіянераў пазбаўляюць жытла


Жыхарам вёскі Стральцы прапаноўваюць перасяліцца ў сацыяльныя дамы. На месцы іхнага хутару мае паўстаць новая птушкафабрыка.

Агракамбінат “Скідальскі” разгарнуў будаўніцтва пад самымі вокнамі пенсіянераў –у вёсцы жывуць збольшага сталыя людзі. Перасяліць іх абяцалі да зімы, але працэс зацягваецца.

Намеснік генеральнага дырэктара ў ідэалогіі агракамбінату Валянціна Далатоўская абяцае, што праблема вырашыцца ў найбліжэйшы час. “Цяпер ідуць пошукі жытла, і гэта пытанне не аднаго дня. Але абяцаем, што жыхароў усіх дваццаці дамоў пераселім у новае жытло да верасня 2012 г.”, – гаворыць Далатоўская. Папярэдні варыянт перасялення жыхароў Стральцоў не задаволіў. Ім прапанавалі жыць у старых дамах спальнага раёну Скідалю, прычым на правах арэнды, то бок у спадчыну такое жытло перайсці не можа.

Як патлумачыла “Белсату” юрыстка Святлана Шлома, такі варыянт не ёсць узаемазамяняльным. “Паводле заканадаўства, кожны дом мусіць разглядацца асобна – колькі ў ім жыло сем’яў, колькі было пакояў, якая была тэрыторыя прысядзібнага ўчастку. І калі дом быў ва ўласнасці, то і новае жытло мусяць перадаваць на тых жа ўмовах”, – адзначае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў