Выбары ў Расеі: перамога прапуцінскай партыі можа быць мінімальная


https://youtu.be/rstwnu0YZIE
https://youtu.be/-JiM3cKxamo
У параўнанні з мінулымі выбарамі праўладная партыя “Единая Россия” можа атрымаць на 77 месцаў менш у Думе.

Разам з гэтым назіральнікі заяўляюць пра шматлікія парушэнні.

“Парушаліся правы прадстаўнікоў СМІ і назіральнікаў, што выражалася ў выдаленні асобаў, якія маюць права прысутнічаць пры працы выбарчай камісіі. Прымушэнне да ўдзелу ў выбарах, подкуп выбарнікаў, правядзенне галасавання па-за межамі ўчастку для галасавання. Найбольш сур’ёзныя парушэнні пры падліку галасоў і пры прыёме галасоў тэрытарыяльнымі камісіямі ад участковых”, – пералічае парушэнні Лілія Шыбанава, старшыня Асацыяцыі за справядлівыя выбары “Голас”.

Паводле папярэдніх звестак, агучаных расейскім Цэнтрвыбаркамам, партыя “Единая Россия” мае атрымаць у расейскім парламенце 238 мандатаў, КПРФ – 92, ЛДПР – 56, “Справедливая Россия” – 64. Гэтая інфармацыя была атрыманая пасля апрацавання 96 % галасоў.

За пракрамлёўскую партыю аддалі свае галасы каля 50 % выбарцаў. Нягледзячы на гэта, аналітыкі гавораць пра паразу “Единой России”, якая на мінулых выбарах набрала 64 % галасоў. Канчатковыя вынікі выбараў не будуць кардынальна адрознівацца ад апошніх папярэдніх звестак, а гэта значыць, што “Единой России” давядзецца ўваходзіць у кааліцыю.

Тым не менш Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што лічыць вынік “годным”. “Партыя “Единая Россия” застаецца лідарам і самаю буйною палітычнаю сілаю, што прайшла ў Дзяржаўную думу. Ужо цяпер можна сказаць: партыя выступіла годна і адпаведна свайму палітычнаму ўплыву”, – заявіў ён. Палітык таксама адкінуў усе абвінавачанні ў фальсіфікацыях і маніпуляцыях з галасамі выбарнікаў.

Старшыня незарэгістраванай апазіцыйнай Партыі народнай свабоды Міхаіл Касьянаў не падзяляе аптымізму кіроўнага тандэму.

“Паводле экспертных ацэнак, на мінулых выбарах фальсіфікацыі дасягнулі 20 %, сёлета, відавочна, болей не атрымалася. Таму рэальнае падтрыманне “Единой России” – гэта гэтыя 20 % фальсіфікацыяў і 30 % рэальнага падтрымання. Гэта – сур’ёзны ўдар па вертыкалі, маральна рэжым ужо загінуў, і вынік сённяшняга дня гэта дэманструе. Пачаўся працэс “пачатку канца”. Пытанне толькі ў тым, колькі гэты працэс працягнецца, і, канечне, галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах толькі ўзмоцніць напружанасць у грамадстве”, – кажа палітык.

Не пераадолелі бар’еру 7 % апазіцыйныя партыі “Яблоко”, “Патриоты России” ды “Правое дело”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары