Ужо два кандыдаты на прэзідэнта маюць папярэджанне пракуратуры


Сёння яго атрымаў Мікалай Статкевіч, учора – Віталь Рымашэўскі.

Абодвух палітыкаў папярэдзіла Генеральная пракуратура. Прычына – падчас сваіх выступаў па тэлебачанні ў якасці кандыдатаў на прэзідэнта яны заклікалі гледачоў узяць удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сёння ўвечары.

Акцыя прысвечана канстытуцыйнаму рэферэндуму 1996 г., ініцыяванаму Аляксандрам Лукашэнкам. Пра яе абвесцілі яшчэ ў верасні.

Кіраўнік упраўлення ў справе нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Павел Радзівонаў паведаміў, што паводле рашэння Менгарвыканкаму за 11 лістапада 2010 г., сустрэчы з выбарнікамі нельга праводзіць на плошчах: Кастрычніцкай, Незалежнасці, Перамогі, Якуба Коласа, у падземных пераходах, на станцыях метро і ля шэрагу іншых аб’ектаў. Ён зазначыў, што апрача адміністрацыйнай, Рымашэўскаму і Статкевічу пагражае адказнасць у межах Выбарчага кодэксу.

Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў, што выбар санкцыі (папярэджанне або скасаванне рэгістрацыі) будзе залежаць ад вынікаў акцыі. Калі кандыдаты спыняцца на этапе закліку, рэакцыя Цэнтрвыбаркаму будзе мяккай. “Калі стануць свядома падбіваць людзей на парушэнне заканадаўства, санкцыі могуць быць выкарыстаны сур’ёзныя”, – сказаў Лазавік.

Нягледзячы на папярэджанні, Віталь Рымашэўскі ды Мікалай Статкевіч заявілі, што не маюць маральнага права адмовіцца ад удзелу ў акцыі, паколькі заклікалі выбарнікаў прыйсці на плошчу.

belsat.eu

Стужка навінаў