Ірына Халіп: Саннікава трымаюць у адзіночцы


https://youtu.be/dMwraGkhB-g
З 17 лістапада жонка экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава не атрымлівае аніякіх звестак ад мужа. “У апошнім лісце Андрэй піша, што быў вельмі цяжкі этап – содні ў “сталыпінскім вагоне”, без ежы і без сну, і абяцае, што адразу, як прыбудзе на новае месца, мне напіша. Але я не атрымала ніводнага ліста”, – гаворыць Ірына Халіп.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Андрэя Саннікава ў калоніі “Віцьба” ўвесь гэты час трымаюць у адзіночнай камеры. Паводле жонкі палітыка, гэта, сярод іншага, можа быць выклікана адмоваю Саннікава падпісваць паперы, што ён “стаў на шлях выпраўлення”. Да палітыка не дапускаюць адвакатаў. “Начальнік калоніі Агністыкаў паводзіць сябе проста нахабна. Ён нават не спасылаецца ні на што – раней яны хоць шукалі параграфы, коскі, каб на нешта спаслацца, цяпер жа ён кажа: “Гэта маё асабістае рашэнне”, – распавяла журналістам “Белсату” Ірына Халіп.

Жонка палітыка ўпэўненая, што ўлады, ізалюючы Саннікава, імкнуцца да таго, каб да ягоных сваякоў не даходзіла ніводнае паведамленне пра тое, што з ім адбываецца.

14 траўня суд Партызанскага раёну Менску прысудзіў Андрэя Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне мусіў у папраўчай калоніі Наваполацку, куды прыбыў у канцы ліпеня, аднак 20 верасня яго без тлумачэння прычынаў этапавалі ў калонію № 2 Бабруйску.

16 лістапада стала вядома, што Саннікава этапавалі з бабруйскай калоніі, але куды менавіта – не паведамілі ні сваякам, ні адвакатам. 17 лістапада Ірыне Халіп удалося трапіць на прыём да часовага выканальніка абавязкаў начальніка дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Сяргея Працэнкі, які паведаміў, што ейнага мужа пераводзяць у іншую калонію ў сувязі з нібыта небяспекаю для яго. Ён таксама заявіў, што Саннікава будуць этапаваць праз магілёўскую турму ў Віцебскую вобласць, аднак у якой менавіта калоніі палітык будзе адбываць пакаранне, не паведаміў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары