З’ехаць пры першай магчымасці: 60% моладзі марыць пра Захад


https://youtu.be/qDbqnnY_Qgw
Пра гэта сведчаць апошнія даследаванні незалежных сацыёлагаў. Паводле апытання, зладжанага НІСЭПД, дзве траціны маладых беларусаў гатовыя з’ехаць у іншыя краіны пры першай магчымасці, бо не бачаць перспектываў для росту на радзіме.

“Сённяшняя сітуацыя нагадвае канец 1970-х – пачатак 1980-х, так званы “росквіт застою” часоў позняга Брэжнева, сацыяльныя ліфтынгі, якія дазвалялі моладзі, любому новаму пакаленню выходзіць наверх, рабіцца ўплывовымі фігурамі ў бізнесе, культуры і палітыцы. Цяпер яны больш складаныя, чым пятнаццаць-дваццаць гадоў таму”, – тлумачыць доктар сацыялогіі Алег Манаеў.

Сацыяльна-палітычны партрэт моладзі – тэма кнігі, якую выпусціў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Праца “Моладзь і грамадзянская супольнасць у Беларусі: новае пакаленне” грунтуецца не толькі на сацыялагічных даследаваннях, але і на публікацыях палітолагаў, эканамістаў ды юрыстаў.

Самая балючая для апазіцыі ілюзія гэтага года – хуткі рост рэвалюцыйных настрояў, выкліканы падзеннем узроўню жыцця. І даследаванні адмыслоўцаў, і самі факты абверглі гэтыя надзеі. Паводле вясновага апытання сацыёлагаў, больш за 76 % беларусаў не гатовыя ўзяць удзелу ў акцыях пратэсту. Пацярпелыя ад крызісу не падзяляюць дзяржаўнай ідэалогіі, але і не спяшаюцца на плошчы. Нават самая актыўная частка насельніцтва – моладзь.

“Спадзевы на тое, што новае пакаленне прыходзіць, і яно больш дынамічнае, больш камп’ютараў, моваў, і грамадства паступова станецца іншым, краіна зменіцца ў той ці іншы бок, – даследаванні паказваюць, што яны не апраўдваюцца”, – гаворыць Манаеў.

Каб пераламіць сітуацыю, патрэбныя дадатковыя дзеянні, намаганні ўсіх удзельнікаў працэсаў. Інакш сённяшняя рэчаіснасць трансфармуе маладых людзей хутчэй, чым яны паспеюць трансфармаваць асяроддзе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары