Стэфановіч: Мяне не пасадзілі ў клетку з тэхнічных прычынаў


Такое меркаванне выказаў праваабаронца пасля пасяджэння суда Партызанскага раёна Менска, які разглядае іск інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна ў дачыненні да праваабаронцы.

“Я кожны год запаўняю дэкларацыю і плачу падаткі. У 2008 годзе ўжо праводзілася праверка за 10 гадоў мяне і маіх родных, але ніякіх парушэнняў падатковага заканадаўства знойдзена не было”, — адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца іск не прызнаў. Ён заявіў, што сродкі на яго рахункі за мяжой пералічваліся замежнымі фондамі на праваабарончую дзейнасць для выканання ім дагаворных абавязацельстваў, а таксама для перадачы трэцім асобам і таму не з’яўляюцца яго даходам і падаткаабкладанню не падлягаюць.

На пасяджэнні Стэфановіч папрасіў суд прыкласці да матэрыялаў справы дакументы з галандскага аддзялення арганізацыі “Міжнародная амністыя” і дацкага фонду па правах чалавека. У іх указваецца, што Стэфановіч сапраўды выконваў дагаворныя абавязацельствы на падставе пагаднення з гэтымі фондамі. Таксама Стэфановіч папрасіў суд прыкласці да справы ліст з Міністэрства юстыцыі Літвы аб тым, што звесткі пра перамяшчэнне грашовых сродкаў па яго рахунку, перададзеныя беларускім уладам, несапраўдныя. Суд гэта хадайніцтва задаволіў.

Паводле яго слоў, дацкі інстытут выдаткаваў яму прыкладна 16 тысяч еўра, якія былі пералічаны ў 2009 годзе. Грошы былі часткова выкарыстаны на выраб матэрыялаў па ўніверсальным перыядычным аглядзе, які рыхтаваўся шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый у звязку з праходжаннем Беларусі працэдуры ўніверсальнага перыядычнага агляду ў Жэневе. “Часткова грошы былі пералічаны на дапамогу трэцім асобам, нюансы я суду раскрываць не хацеў бы па зразумелых прычынах”, — дадаў Стэфановіч.

“У дакументах напісана, што грошы ніколі не пералічаліся як мой асабісты даход, яны пералічаліся ў сувязі з маёй праваабарончай дзейнасцю. Паводле нашага Падатковага кодэкса гэта не з’яўляецца падаткападальнай базай”, — сказаў ён.

Праваабаронца выказаў сумненні ў сапраўднасці дакументаў, пададзеных інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна. “На дакументах няма ніякіх пячатак. Можа, у наступны раз яны і прынясуць дакументы з пячаткамі. Але мной таксама быў прадстаўлены дакумент Міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі за подпісам і з пячаткай пасольства Літоўскай Рэспублікі. Тое, што мне пералічылі гэтая два фонды, я магу пацвердзіць, усё астатняе — нейкая фрагментарная інфармацыя”, — адзначыў Стэфановіч.

Разам з гэтым суд не задаволіў скаргу праваабаронцы на рашэнне аб накладанні на яго штрафу ў 4 млн. 750 тыс. рублёў за нявыплату падаткаў. Такім чынам, рашэнне пра тое, што Стэфановіч павінен заплаціць штраф, увайшло ў законную сілу.

“Разгляд скаргі мне вельмі спадабаўся, — з іроніяй сказаў Стэфановіч журналістам. — Лічу, што рашэнне было прынята абсалютна незаконна, мною на гэта было ўказана ў судзе не раз — і 23 лістапада, і зараз. Таму што я лічыў і лічу, што ПІКоАП (Працэсульна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. ) — адзіны дакумент, які на сёння рэгулюе працэдуру разгляду скаргаў на пастанову па справе аб адміністрацыйных правапарушэннях — не прадугледжвае ўдзелу пры разглядзе скаргі прадстаўнікоў органа, які вынес пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні. У звязку з гэтым мной была напісана скарга на дзеянні суддзі на імя старшыні суда Партызанскага раёна, заяўлена хадайніцтва аб прыпыненні разгляду справы. Аднак суддзя працягнула разгляд, фактычна самастойна разгледзеўшы і сутнасць скаргі”.

“Па маім прагнозам, будзе задаволены іск падатковай інспекцыі, і я буду вымушаны плаціць гэтыя грошы. Суджу аб гэтым па характару справы, і не магу разглядаць яе ў адрыве ад справы Алеся Бяляцкага. Я мусіў сядзець за кратамі, у клетцы, як і ён, але па нейкіх тэхнічных прычынах гэтага не атрымалася”, – кажа праваабаронца. А гэтая прычына – недастатковая дзеля завядзення крымінальнай справы колькасць грошай на замежным рахунку Валянціна Стэфановіча. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, як і Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна”. На мінулым тыдні яго асудзілі на чатыры з паловаю гады зняволення.

У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак да 16 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў