Уладзімір Колас у «Гарачым каментары»


Усё пачынаецца з ведаў: дзіцячы садок, школа, потым спецыяльная адукацыя і праца, ад якасці якой залежыць эканамічны стан кожнай дзяржавы. А таксама ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, развіццё грамадства і яго здольнасць камунікаваць з вонкавым светам. Беларусь хоча ўвайсці ў “Балонскі працэс”.

“Балонскі працэс” – збліжэнне і гарманізацыя сістэмаў адукацыі розных краінаў Еўропы. З тым, каб у выніку стварыць адзіную еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Калі Беларусь далучыцца да працэсу, яе ўніверсітэты атрымаюць значна шырэйшыя магчымасці. Праграмы студэнцкага абмену, карыстанне з высокіх тэхналогіяў у працэсе навучання і дыпломы, сапраўднасць якіх не трэба будзе пацвярджаць пры працаўладкаванні за мяжою.

Паводле заснавальніка Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, жаданне Беларусі далучыцца да “Балонскага працэсу” можна толькі вітаць. Аднак ёсць шмат нюансаў.

“Еўрапейская адукацыя прадугледжвае аўтаномнасць універсітэтаў, выбарнасць кіраўніцтва акадэмічнай супольнасці ды дэмакратычныя свабоды студэнтаў. Усяго гэтага ў Беларусі няма – рэктар можа прымусіць студэнтаў пайсці на датэрміновае галасаванне, у абавязкі выкладчыкаў уваходзіць палітычны нагляд за студэнтамі ды вывучэнне дзяржаўнай ідэалогіі, што не мае ніякага дачынення да будучай прафесіі. Таму існаванне падобных ілюзіяў наконт магчымасці далучэння Беларусі да “Балонскага працэсу” можна патлумачыць толькі наіўнасцю і пэўнаю недасведчанасцю еўрапейскіх партнёраў”, – кажа Уладзімір Колас.

Уладзімір Колас зазначае, што ўзровень беларускай адукацыі пакідае жадаць лепшага. Савецкая сістэма адукацыі, якую імкнуцца захаваць у Беларусі, не патрабуе высокага ўзроўню ведаў. Задача беларускага навучання – прышчапіць людзям пакору і адданасць уладам.

“Гледзячы на выпускнікоў гуманітарнага ліцэю, у Беларусі ёсць таленавітая моладзь, ёсць патрыятычная моладзь, што хоча зрабіць сваю краіну лепшаю, але яе вельмі мала. У сучаснай моладзі пераважаюць больш прагматычныя настроі. У прынцыпе, гэта няблага – ва ўсім свеце людзі едуць туды, дзе ёсць праца і годныя ўмовы жыцця, і гэта задача кіраўніцтва краіны – стварыць такія ўмовы, што заахвоцілі б маладзёнаў застацца. На вялікі жаль, у Беларусі ствараюцца ўсе ўмовы, каб выштурхоўваць моладзь з краіны”, – падкрэслівае Уладзімір Колас.

belsat.eu

Стужка навінаў