Любоў Кавалёва сустрэлася з сынам


Паўгадзіннае спатканне прайшло пад кантролем працаўнікоў СІЗА КДБ. Гутарка магла весціся толькі на побытавыя тэмы.

“Нягледзячы на гэта, я сказала Уладу, што людзі не вераць у ягоную вінаватасць. Хоць ён і сам гэта бачыў у судзе. Яму не даюць магчымасці пісаць, і, як я даведалася, нашых лістоў ён таксама не атрымліваў”, – кажа Любоў Кавалёва.

Паводле спадарыні Кавалёвай, рукі ейнага сына выглядаюць як пакамечаная тканіна. Канавалава і Кавалёва ўвесь час трымаюць у кайданках.

“Мала таго, што іх незаконна асудзілі, дык яшчэ ўтрымліваюць у такіх умовах. То бок поўная ізаляцыя ад родных, калі не лічыць гэтага спаткання. Збольшага гаварыла я, ведаеце… каб не расплакацца. Ён толькі спытаўся пра сяброў і пра дом. Я сказала яму, каб трымаўся, што мы робім усё магчымае, каб не адбылося самага страшнага”, – кажа Кавалёва.

Маці будзе дамагацца яшчэ адной сустрэчы з сынам, на наступным тыдні з Уладзіславам Кавалёвым пабачыцца ягоная сястра.

30 лістапада суд агучыў вырак: расстрэл для абодвух абвінавачаных. Канавалаў быў прызнаны вінаватым у рыхтаванні ды здзяйсненні тэракту, Кавалёў – у спрыянні Канавалаву і неданясенні пра тэракт.

belsat.eu

Стужка навінаў