Ангела Мэркель: Выхад з крызісу будзе доўжыцца гадамі


Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла ў сваім выступе ў парламенце, што пазыковы крызіс еўразоны не можа быць развязаны адным махам.

“Урэгуляванне крызісу еўра – гэта працэс. І гэты працэс зойме гады”, – сказала Мэркель. Мэркель заклікала да даверу і веры ў Еўрапейскі Звяз. Паводле палітыка, яго інстытуты маюць патрэбу ў абароне.

“Самая важная аснова нашай дэмакратыі – наш аўтарытэт і давер. Еўрапейскія суды і цэнтральныя банкі мусяць быць абароненыя і захаваныя”, – зазначыла яна.

Мэркель таксама пацвердзіла ўнікальную ролю Еўрапейскага цэнтральнага банку ў абароне крэдытаздольнасці адзінай валюты і заявіла, што яна не можа быць параўнана з задачамі Федэральнага банку ЗША і Банку Брытаніі.

“Важна адзначыць, што праца Еўрапейскага цэнтральнага банку (ЕЦБ) адрозніваецца ад працы Федэральнага банку ЗША і Банку Брытаніі. Яго роля – забяспечваць устойлівасць кошту валюты. І гэта менавіта тое, што ЕЦБ робіць”, – сказала Мэркель.

Заявы Мэркель прагучалі на фоне нядаўняга выступу прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі, які мяркуе, што Еўропа мусіць “перазаснавацца” з Францыяй і Нямеччынаю ў якасці “сэрца” – з мэтаю забеспячэння стабільнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў