Журналістку прылічылі да “предателей”


Абразлівы тэкст у дачыненні незалежнай журналісткі, што супрацоўнічае з “Белсатам”, з’явіўся на ананімнай старонцы ў інтэрнэце. “Аўтары гэтай старонкі, за якімі несумненна стаяць беларускія спецслужбы, нічога новага не адкрылі. Гэта класічная чорная прапаганда, добра вядомая тым, хто памятае савецкія часы”, – гаворыць кіраўнік аддзелу інфармацыі тэлеканалу “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі.

Стваральнікі старонкі, што не называюць сваіх імёнаў, раней змясцілі шэраг абразлівых тэкстаў пра беларускіх праваабаронцаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў ды палітыкаў. Таксама рэсурс змяшчае адрасы і нумары тэлефонаў “предателей”.

“Менавіта такім чынам, подла парушаючы права чалавека на прыватнасць, КДБ, службы іншых краінаў былога ўсходняга блоку, спрабавалі знішчыць сумленных, годных людзей, якія адважваліся казаць праўду. Шмат хто з аб’ектаў такой чорнай прапаганды потым, пры новай уладзе, стаўся нацыянальным героем ці нават лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, – гаворыць Аляксей Дзікавіцкі. – Што да гэтага канкрэтнага выпадку, дык мала таго, што ў нататцы выкарыстаная грубая хлусня і інсінуацыі, але гэтых ашалелых хамаў нават не стрымала тое, што нашая калега хутка мае нарадзіць дзіця”.

belsat.eu

Стужка навінаў