Уладзімір Някляеў: Суд выканаў даручэнне Лукашэнкі


Уладзімір Някляеў лічыць, што віна Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва ў здзяйсненні тэрактаў не была пераканаўча даказаная ў судзе.

“Больш за тое, па-сутнасці, суд выканаў даручэнне Лукашэнкі, які за два тыдні да таго, падпісваючы ў Маскве дакументы аб здачы Беларусі азіяцкім “таварышам”, сказаў, адказваючы на пытанне расейскага журналіста, што гэта менавіта яму давядзецца вырашаць – караць ці мілаваць. Ужо тады адбыўся суд”, – зазначыў Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

“Тое, што адбывалася ў судзе, спрэчкі паміж пракурорам і адвакатам… Перавагі на баку абвінавачання не было, – гаворыць Уладзімір Някляеў. – Перш за ўсё кажуць пра тое, што няма ідэнтыфікацыі паміж тым чалавекам, што зафіксаваны камераю ў метро, і тым чалавекам, які сядзіць на лаве падсудных. Зыходзячы нават з гэтага, нельга ўжыць самую суровую захаду пакарання для гэтых людзей”.

Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да смяротнай кары без канфіскацыі маёмасці. Вырак абвесціў 30 лістапада суддзя Аляксандр Федарцоў.

Канавалава прызналі вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў, тэрарызме, спалучаным з забойствам людзей. Па сукупнасці злачынстваў Канавалава прысудзілі да найвышэйшай меры пакарання – расстрэлу – без канфіскацыі маёмасці.

Кавалёва прызналі вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў, неданясенні аб рыхтаванні асабліва цяжкага злачынства, аб ўчыненні асабліва цяжкага злачынства і асобе, якая яго ўчыніла, аб месцы яго знаходжання, а таксама ў дапамаганні тэрарызму. Па сукупнасці злачынстваў Кавалёва асудзілі на смяротную кару.

belsat.eu

Стужка навінаў