Палітвязень сустракае дзень народзінаў за кратамі


Сёння Эдуарду Лобаву споўнілася 23 гады.

Актывіст “Маладога фронту” асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі ды адбывае пакаранне ў івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы”. “Сын тэлефанаваў дадому напрыканцы мінулага тыдня. Зразумела, што першыя пытанні былі тыя, што нас найбольш хвалююць: як здароўе і ці не ціснуць на яго ў калоніі? – распавяла “Белсату” маці палітвязня Марына Лобава. – Праблемаў са здароўем, дзякуй Богу няма, дый абстаноўка там, за кратамі, судзячы са словаў Эдуарда, цяпер нармальная”. Жанчыну, сын якой ужо амаль год застаецца за кратамі, не можа не радаваць адсутнасць дрэнных навінаў.

Марына Лобава гаворыць, што нарэшце ёй удалося дамовіцца з кіраўніцтвам калоніі, каб Эдуарда Лобава наведаў каталіцкі святар. Маці вельмі хвалявалася, што сын не меў магчымасці хадзіць на споведзь, бо ў калоніі ёсць толькі праваслаўны святар. Але цяпер, здаецца, гэтая праблема будзе развязаная.

У сярэдзіне снежня Марына Лобава паедзе ў “Ваўчыныя норы” на кароткатэрміновае спатканне з сынам. “Павязу ў перадачы абавязкова нешта смачнае, каб і за кратамі яны мелі магчымасць адсвяткаваць Каляды і Новы год”, – гаворыць Марына Лобава. Яна дадае, што на хуткае вызваленне сына амаль не спадзяецца: “Трэба “падзякаваць” Расеі, што замарудзіўся працэс вызвалення палітычных, што атрымаў такі прысуд Алесь Бяляцкі. Зразумела ж, калі б не расейскія грошы, палітычных у краіне магло быць ужо менш”.

belsat.eu

Стужка навінаў