Аляксандр Сінкевіч у «Гарачым каментары»


Быў “Белтрансгаз” беларускі, стаў расейскі. Кропку ў доўгіх гандляваннях адносна кошту другой паловы акцыяў прадпрыемства і яго фактычнага адыходу да “Газпрому” паставілі сёння. На рахунак Нацбанку Беларусі прыйшлі $ 2,5 млрд. На рахунак расейскага манапаліста – акцыі, з якімі Беларусі было цяжка развітацца.

Ад 2007 да 2010 гг. “Газпром” выкупіў першую палову акцыяў “Белтрансгазу”. Кожны год Масква пералічвала Менску $ 625 млн. Сёлета 25 лістапада Беларусь і Расея падпісалі дамову куплі-продажу апошніх 50 % акцыяў беларускага прадпрыемства. Гэта зрабіла “Газпром” абсалютным уладальнікам прадпрыемства і працадаўцам для 6500 чалавек.

Паводле эканаміста, “Белтрансгаз” – гэта не толькі транзітная труба, але і сетка газаправодаў па ўсёй краіне і тры падземныя газасховішчы, ёмістасць якіх дазваляла забяспечваць краіну газам на працягу месяца.

“Фактычна ўсе гэтыя рэсурсы мы губляем і перадаем у рукі расейскай алігархіі ды Крамля. Такім чынам зазнаем вельмі высокую рызыку. Гаворка ідзе пра сотні мільёнаў прыбытку на год, якія пойдуць цяпер “Газпрому”. Да ўсяго расейскі манапаліст не будзе мець рызыкаў, якія ўзнікалі падчас экспарту газу праз тэрыторыю Беларусі”, – кажа спадар Сінкевіч.

Гэта азначае, што “Газпром” фактычна атрымаў кантроль над Беларуссю. Ад гэтага моманту нават беларускія газасховішчы належаць расейскай кампаніі. У выпадку газавага канфлікту Масква можа ў той жа дзень пазбавіць беларусаў газу.

Эканаміст не выключае, што атрыманыя за “Белтрансгаз” грошы будуць папросту замарожаныя. Аднак паводле агучаных планаў на наступны год – а гэта перадусім пашырэнне будаўніцтва жытла, – гэтыя сродкі ўсё ж не залежацца.

“Трэба было б падумаць, куды гэтыя грошы накіраваць, каб мадэрнізаваць і мабілізаваць беларускую эканоміку, каб выйсці з гэтага крызісу. Але такіх планаў мы, на жаль, не назіраем”, – падкрэслівае эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў