Міцкевіч: Цалкам справядлівы прысуд


Паводле старшыні Камісіі ў пытаннях памілавання пры прэзідэнту, рашэнне аб расстрэле Кавалёва і Канавала цалкам абгрунтаванае.

“Суд апытаў сведак, азнаёміўся з усімі матэрыяламі справы, доказаў вінаватасці Канавалава і Кавалёва зашмат. Тыя, хто з нагоды суда выказваюцца ў інтэрнэце, склалі ўражанне на падставе фактаў, выцягнутых з агульнай канвы”, – заявіў Валерый Міцкевіч на сустрэчы са студэнтамі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Чыноўнік дадаў, што за той час, што ён ачольвае Камісію памілавання, усе смяротныя прысуды выносіліся “цалкам справядліва”.

Між тым, “з нагоды суда” выказваюцца не толькі ў інтэрнэце. Шмат экспертаў і праваабаронцаў, якія непасрэдна назіралі за працэсам, а таксама некаторыя з пацярпелых ад выбуху, сумняваюцца, што за тэракт пакаралі вінаватых.

Звесткі незалежнага сацыялагічнага апытання, што было праведзенае Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у верасні, таксама зафіксавалі, што грамадства ў пытанні “Ці тых судзілі?” – расколатае. Толькі 21,2 % беларусаў вераць, што тэракт здзейснілі Канавалаў і Кавалёў, цалкам не давяраюць гэтай версіі амаль 37 %. Яшчэ 32,4 % рэспандэнтаў мяркуюць, што караюць выканаўцаў, але не замоўнікаў злачынства.

“Людзі стаміліся давяраць уладам, а ў гэтай справе было зашмат прапаганды, не пацверджанай дастатковаю колькасцю аргументаў і доказаў”, – пракаментавала сітуацыю прадстаўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова. Праваабаронца кажа, што вынік справы Канавалава і Кавалёва, на жаль, прагназаваны. “Калі мы звернемся да гісторыі смяротных пакаранняў у краіне, то пабачым, што кожны расстрэльны вырак быў прыведзены ў выкананне. Нават нягледзячы на тое, што профільныя камітэты ААН улучалі працэдуры безадкладнага рэагавання. Не прыслухоўваліся ўлады і да пазіцыі беларускіх праваабаронцаў”, – нагадвае Алена Танкачова.

Да найвышэйшай кары Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва Вярхоўны Суд Беларусі прыгаварыў 30 лістапада. Але яшчэ раней тое, якім мае быць прысуд, агучыў Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы, што за злачынства падсудныя мусяць “адказаць па поўнай праграме”.

belsat.eu

Стужка навінаў