Белстат: За год беспрацоўных у краіне паменшала


Сёлета на канец кастрычніка ў органах працы, занятасці ды сацыяльнай абароны зарэгістраваныя 29 600 чалавек. Гэта на 15,7 % менш, чым у кастрычніку 2010 г., паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Афіцыйныя сацыёлагі сцвярджаюць, што ў краіне не працуе 0,6 % эканамічна актыўнага насельніцтва (на канец кастрычніка 2010 г. – 0,7 %). Сёлета ў студзені–кастрычніку былі працаўладкаваныя 719 600 чалавек, а звольненыя з розных прычынаў – 765 000 чалавек.

Як адзначае экс-міністр працы і незалежны сацыёлаг Аляксандр Сасноў, нашая краіна заўсёды вызначалася нізкім узроўнем беспрацоўя, бо афіцыйныя сацыёлагі адносяць да гэтай катэгорыі толькі тых людзей, хто дзеля атрымання працы становіцца на ўлік на біржу. “Цяпер жа рэгістравацца ў органах занятасці няма сэнсу, бо дапамогі на беспрацоўе не хопіць, каб харчавацца нават адзін дзень”, – зазначае эксперт.

Аляксандр Сасноў кажа, што ў свеце гэты паказчык вызначаюць паводле методыкі, распрацаванай Міжнароднаю арганізацыяй працы. Згодна з ёю, каб высветліць сапраўдную колькасць тых, каму патрэбная праца, неабходна абследаваць хатнія гаспадаркі, тлумачыць сацыёлаг. На ягонае меркаванне, улады гэтага не робяць “з ідэалагічных меркаванняў”.

“Дакладную лічбу беспрацоўных назваць цяжка. Але я лічу, што ў нас яна складае да 10 % эканамічна актыўнага насельніцтва. Калі ж сюды дадаць і тых, каго адпраўляюць у неаплачваныя адпачынкі – нібыта добраахвотна, то паказчык будзе яшчэ вышэйшы”, – гаворыць Аляксандр Сасноў. Ён таксама зазначае, што шмат людзей з-за немагчымасці знайсці годную працу на радзіме вымушаныя з’язджаць: “Калі б гэтыя ўсе людзі цяпер вярнуліся, мы б выявілі, што беспрацоўе складае 30–40 %. Вось такі вынік кіравання цяперашніх уладаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў