Мінадукацыі разлічвае на далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу


Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук пацвердзіў, што Беларусь жадае ўдзельнічаць у інтэграцыйных працэсах у еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. “Беларусь гатовая ўзяць на сябе адказнасць за правядзенне палажэнняў Балонскай дэкларацыі ў нацыянальную сістэму адукацыі”, – кажа чыноўнік.

Заяўку разгледзяць у красавіку 2012 г. На якія змены мусіць пайсці нашая сістэма адукацыі?

Першае, мусіць зменшыцца тэрмін навучання – да 4 гадоў ва ўніверсітэце. Другое, мае змяніцца арыентаванасць курсаў, яны стануць больш практычныя. Хутчэй за ўсё, скароціцца колькасць выкладчыкаў. Цяпер у беларускіх універсітэтах суадносіны – адзін выкладчык на дзесяць студэнтаў, у той час, як у Нямеччыне на аднаго выкладчыка прыпадае да 50 студэнтаў. Адсюль – навучанне стане больш арыентавацца на самападрыхтоўку.

“Балонскі працэс дасць студэнтам магчымасць удзельнічаць у еўрапейскіх адукацыйных працэсах, павысіць студэнцкую мабільнасць, – лічыць выкладчыца факультэту міжнародных дачыненняў Белдзяржуніверсітэту Валерыя Кліцунова. – Еўрапейскія студэнты могуць прэтэндаваць на стыпендыі ды гранты, якія выдае Еўрапейскі Звяз, змяняць універсітэт або спецыялізацыю падчас вучобы, з’ехаць на вучобу ў іншую краіну, але ўрэшце дыплом студэнта будзе дзейсны на ўсёй тэрыторыі ЕЗ – гэта спрашчае працаўладкаванне”. На меркаванне эксперта, беларуская сістэма адукацыі гатовая да пераменаў: “Наспеў час ствараць такія ўмовы для навучання, якія прынятыя ва ўсім свеце. Толькі гэтак мы можам зацікавіць будучых студэнтаў, у тым ліку замежных”.

belsat.eu

Стужка навінаў