Любоў Кавалёва: Я звярнулася б да яго як да бацькі


Маці Уладзіслава Кавалёва перадала ў прыёмную прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прашэнне аб памілаванні свайго сына, якога Вярхоўны суд прыгаварыў да смяротнага пакарання паводле справы аб тэракце ў Менскім метрапалітэне.

Жанчына ўпэўненая, што ейны сын «не мог здзейсніць таго жудаснага злачынства, за якое яго асудзілі». У сваім звароце да прэзідэнта Любоў Кавалёва нагадвае пра выпадкі, калі невінаватых людзей прыгаворвалі да расстрэлу, а сапраўдных злачынцаў знаходзілі толькі праз некалькі гадоў, і просіць увесці мараторый на смяротнае пакаранне, каб паказаць, што Беларусь ёсць «цывілізаванаю дзяржаваю». Кіраўніка Беларусі ў прашэнні яна называе «абаронцам хрысціянскай маралі, згодна з якою толькі Бог дае жыццё і толькі ён яго можа забраць».

Тэкст прашэння Любоў Кавалёва зачытала журналістам па дарозе да рэзідэнцыі прэзідэнта. Калі яна была ў акружэнні прадстаўнікоў медыяў, з’явіўся намеснік старшыні ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў, які заявіў, што сабраныя перашкаджаюць людзям рухацца па ходніках. Пасля заўвагі Яўсеева ўсе рушылі да прыёмнай.

Маці Кавалёва перадала прашэнне, якое зарэгістравалі, і заявіла, што хоча трапіць на прыём да прэзідэнта (запісвацца на яго трэба пісьмова).

Затым жанчына накіравалася да Вярхоўнага суда, дзе перадала заяву з просьбаю пра сустрэчу з сынам. Закон прадугледжвае такую магчымасць у выпадку, калі вырак суда яшчэ не выкананы.

Журналістам Любоў Кавалёва расказала, што бачылася з сынам толькі аднойчы – 9 верасня. За час судовага працэсу яна атрымала ад яго два лісты і адну паштоўку. Уладзіслаў, паводле яе, не атрымліваў лістоў ад сям’і.

Уладзіслава Кавалёва прызналі вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, транспартаванні выбуховых рэчываў і выбухных прыладаў, неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, аб здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства і асобе, якая яго здзейсніла, аб месцы яго знаходжання, а таксама ў памаганні тэрарызму. Паводле сукупнасці злачынстваў яго прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання ў выглядзе расстрэлу.

Вырак, вынесены Вярхоўным судом Беларусі 30 лістапада, асудзілі Еўразвяз, Рада Еўропы, беларускія і замежныя праваабаронцы.

belsat.eu

Стужка навінаў