Друкарні пад кантролем КДБ?


Менскія друкарні засцерагаюцца прымаць замовы на вытворчасць агітацыйных матэрыялаў для кандыдатаў на прэзідэнцтва ад апазіцыі.

Пра адзін з такіх выпадкаў паведаміў сайт прыхільнікаў апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Як сцвярджае інтэрнэт-рэсурс, сталічная друкарня ў апошні момант адмовілася выконваць “замову ад Раманчука”. Кіраўніцтва прадпрыемства спаслалася на тое, што не хоча мець праблемаў з КДБ. Як стала зразумела падчас размоваў з працаўнікамі іншых друкарняў, чэкісты абавязалі ўзгадняць з імі ўсе замовы, аж да макету агітацыйнай улёткі, распавёў Раман Глушчук, прадстаўнік перадвыбарчага штабу Раманчука.

Журналіст Сяргей Вазняк гаворыць, што ў Беларусі звычайна перад выбарамі КДБ бярэ пад кантроль не толькі друкарні.

Актывіст штабу Уладзіміра Някляева паведаміў “Белсату”, што з гэткаю праблемай яны сутыкнуліся, калі выстаўлялі свайго кандыдата на ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе. “Нам трэба было надрукаваць тры налепкі з надпісам “За Някляева” на скрыні, у якіх ляжалі падпісныя аркушы, – распавёў Сяргей Вазняк. – Аднак у краме “Аловак”, што сярод іншых ажыццяўляе і друкарскія паслугі, нам паведамілі, што ведамасная інструкцыя забараняе друкаваць выбарчую агітацыю”.

Налепкі тады надрукавалі толькі пад пагрозаю скандалу і скаргі ў пракуратуру, паведаміў Сяргей Вазняк.

Зараз у перадвыбарчых штабах кандыдатаў асцерагаюцца, што не змогуць падрыхтаваць агітацыйных матэрыялаў. Бо паводле беларускага заканадаўству яны маюць друкавацца толькі на тэрыторыі Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў