Хочаш у лядовы палац – заключы антыалкагольны кантракт


З падлеткамі будуць заключаць антыалкагольныя і антынаркатычныя кантракты. Маладзёны возьмуць на сябе абавязак не ўжываць адпаведных рэчываў. Калі яны не парушаць дамовы, іх чакае ўзнагарода.

Кантрактная сістэма ўжываецца ў некаторых еўрапейскіх краінах. Яе мэта – папярэдзіць першае ўжыванне тытуню, алкаголю і наркотыкаў сярод школьнікаў. З вучнямі пры ўдзеле іхных бацькоў заключаюць кантракт, паводле якога дзіця робіцца чальцом клубу і цягам пэўнага тэрміну абавязваецца не ўжываць алкагольных і наркатычныя рэчываў. Школа, у сваю чаргу, абяцае падарункі: цікавыя вандроўкі, дыскатэкі, наведванне басейну, лядовага палацу, удзел у міжнародных канферэнцыях і абменных візітах.

Вынік – больш за 50 % апытаных у Швецыі ды Нарвегіі ўтрымаліся ад негатыўных звычак. «Першымі методыку паспрабавалі ў школах Берасця і Пінску, – распавядае намеснік загадчыка аддзелу гігіены, эпідэміялогіі ды прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Анатоль Грушкоўскі. – Мы задаволеныя з вынікаў і плануем рэалізаваць праект у сталічных установах адукацыі».

Алкагалізм сярод падлеткаў застаецца сур’ёзнаю праблемаю для беларускага грамадства. Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў, больш за 16 тыс. маладых людзей ёсць хранічнымі алкаголікамі. Спецыялісты Менскага навукова-даследчага інстытуту сацыяльна-эканамічных праблемаў падлічылі, што 15,4 % дзяцей спрабуюць алкаголь ва ўзросце да 8 гадоў.

У стане алкагольнага ап’янення здзяйсняецца найбольш злачынстваў (каля 30 тыс. штогод). Асноўным метадам барацьбы з алкагалізмам застаюцца прафілактычныя размовы з падлеткамі. Аднак адмыслоўцы лічаць, што гэта мае слабы эфект.

Загадчыца амбулаторнага аддзялення Менскага гарадскога наркалагічнага дыспансеру Святлана Сівакова адзначае: «Кантракты са школьнікамі на першы час могуць змяніць сітуацыю да лепшага, дзеці зацікавяцца новаю прапановаю, можа, успрымуць яе як гульню. Але для сур’ёзнага развязання праблемы патрэбныя іншыя захады: павялічыць кошт алкагольнай прадукцыі, паменшыць колькасць кропак рэалізацыі спіртнога, забараніць продаж алкаголю ў святочныя і выходныя дні, а таксама павялічыць узроставы бар’ер для продажу ўсіх відаў алкаголю да 21 года».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары