Пачынаецца яшчэ адзін суд, звязаны з тэрактам


У Нарвегіі псіхічна неадэкватным прызналі тэрарыста, у Беларусі – таго, хто выступаў супраць смяротнай кары. Суд над Аляксандрам Крутым, які прадстаўляў на пачатковым этапе працэсу ў справе тэракту ў менскім метро інтарэсы пацярпелай дачкі Інэсы, пачнецца 6 снежня.

Мужчыну вінавацяць у хуліганстве. Слуханні будуць праходзіць у судзе Маскоўскага раёну Менску. Пра гэта паведаміла Інэса Крутая.

Увечары 20 верасня Аляксандра Крутога ў Менску затрымала міліцыя паводле абвінавачання ў хуліганстве. 22 верасня старшыня суда ў справе аб тэракце Аляксандр Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб ягоным затрыманні. У ёй сказана, што Круты «17 жніўня, будучы ў кабінеце адной з медычных установаў Менску, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і знявагаю да нормаў маралі». Гэта праявілася ў тым, што ён «выліў змесціва двух слоікаў з мачою на галоўнага ўрача». Па накіраванні пракурора Крутога адправілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр (РНПЦ) псіхічнага здароўя.

На судзе Круты паводзіўся вельмі актыўна, выступаў з шэрагам хадайніцтваў, у тым ліку аб пераносе працэсу да адмены ў Беларусі смяротнай кары.

Інэса Крутая перадавала ў суд хадайніцтва аб прыпыненні працэсу да таго часу, пакуль бацька не будзе вызвалены і не зможа прадстаўляць яе інтарэсы ў судзе. 26 верасня суд адхіліў гэтае хадайніцтва. Сама пацярпелая браць удзел у працэсе не можа паводле стану здароўя.

Цяпер Аляксандр Круты утрымліваецца ў жодзінскай турме. Экспертыза ў РНПЦ псіхічнага здароўя прызнала яго неадэкватным.

Дачка паведаміла, што апошнім часам адносна наладзіліся паштовыя адносіны паміж сям’ёй і абвінавачаным, якіх не было больш як месяц з моманту ягонага затрымання. З атрыманых лістоў стала вядома пра ўмовы ўтрымання Крутога ў турме. Паводле Інэсы, у бацькі нават няма магчымасці абрэзаць пазногці – яму не даюць нажніц. І ён вымушаны сточваць іх аб нейкую металічную пласціну.

belsat.eu

Стужка навінаў