Ядравікі выкараняюць у дзяцей «страхі, навязаныя Чарнобылем»


«Як мы растлумачым, так гэтая лодка і паплыве», – метафарычна тлумачаць адмыслоўцы свой удзел у прапагандзе сярод школьнікаў на карысць будаўніцтва першай беларускай АЭС.

29 лістапада ў менскай сярэдняй школе імя Янкі Купалы № 19 прайшла інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Свет – у тваіх руках!», падчас якой быў абвешчаны творчы конкурс «Энергія нашай будучыні».

У акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага інстытуту энергетычных і ядравых выпрабаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Менскага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэту імя Андрэя Сахарава і ліцэю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Мэта конкурсу «Энергія нашай будучыні» – пашырэнне асветнай працы сярод дзяцей і падлеткаў у пытаннях энергазберажэння і экалогіі, развіцця ядравай энергетыкі ды новых перспектыўных відаў энергіі, будаўніцтва АЭС у Беларусі як навукаёмістай вытворчасці сусветнага ўзроўню; спрыянне развіццю творчага патэнцыялу школьнікаў.

Як падкрэсліла супрацоўніца інстытуту «Сосны» Валянціна Брылёва, акцыя тычыцца найперш развіцця атамнай энергетыкі. «Якраз гэтая галіна спалучаная з найбольшаю колькасцю страхаў, звязаных з Чарнобыльскай аварыяй, – падкрэслівае яна. – Калі небяспека не бачная, яна асабліва страшная. У прэсе гэтая тэма мусіруецца дастаткова шмат, прычым не заўсёды справядліва. Таму калі дзеці пра гэта больш даведаюцца, калі карэктна растлумачыць ім якасці і хібы ядравай энергетыкі, у іх будзе менш і страхаў, і псіхалагічнай нагрузкі».

«Добры навуковец павінен умець простаю моваю растлумачыць тое, што ён робіць, нават хатняй гаспадыні, – перакананы вядучы навуковы супрацоўнік інстытуту Віктар Дашкевіч. – А дзеці – гэта цудоўны матэрыял, як мы ім растлумачым – так «лодка і паплыве». Трэба імкнуцца даць ім аб’ектыўную інфармацыю – расказаць і пра карысць, і пра небяспеку, якую можа несці атамная энергетыка грамадству ў выпадку парушэння нейкіх увогуле відавочных рэчаў».

belsat.eu

Стужка навінаў