Латвія – не Польшча. Памежны рух запрацуе бліжэйшымі днямі


«Адкрываць межы» з Літвой і Польшчай улады Беларусі пакуль не спяшаюцца.

Малы памежны рух з Латвіяй пачне працаваць ў бліжэйшыя дні – 1 снежня прадстаўнікі беларускіх і латвійскіх уладаў абмяняюцца адпаведнымі пагадненнямі ў Віцебску. Пасля гэтага пачнецца актыўная праца для фармавання спісу грамадзянаў, якім будзе дазволена перасякаць мяжу на спрошчаных умовах.

Мяркуецца, што грамадзяне Беларусі і Латвіі, якія жывуць бліжэй за 50 км ад мяжы, змогуць перасякаць яе, дзякуючы спецыяльнаму дазволу. Ён будзе каштаваць 20 еўраў і дзеяць 5 гадоў. «У спіс населеных пунктаў, на якія распаўсюджваецца пагадненне, з беларускага боку ўваходзяць Браслаў, Верхнядзвінск, Мёры, з латвійскага – Даўгаўпілс, Дагда, Зілупэ і Краслава», – паведаміў першы намеснік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Петрышэнка.

Чыноўнік дадаў, што самым бліжэйшым часам будуць развязаныя ўсе пытанні наконт памежнага руху і з Літвою: «Перашкодаў з літоўскага боку няма. Дапрацоўваюцца практычныя аспекты, каб нікога ні пакрыўдзіць – ні грамадзянаў Літвы, ні грамадзянаў Беларусі». Дагэтуль спрэчныя моманты былі выкліканыя ўключэннем ў прымежную паласу буйных гарадоў: Вільні ды Аліты з літоўскага боку, а таксама Ашмянаў і Смаргоні – з беларускага.

Горш за ўсё сітуацыя склалася з Польшчаю. Як паведамляе першы сакратар польскай дыпламатычнай місіі ў Менску Павэл Марчук, польскі Сейм ратыфікаваў пагадненне аб малым памежным руху яшчэ ў чэрвені 2010 г., яго падпісаў цяперашні прэзідэнт Браніслаў Камароўскі. «Усе дакументы з нашага боку былі ратыфікаваны і падпісаныя, усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры скончаныя, цяпер пытанне да беларускага боку», – заявіў польскі дыпламат.

Вядома, што летась Палата прадстаўнікоў Беларусі ратыфікавала міжурадавую дамову з Польшчаю. Але Аляксандр Лукашэнка дагэтуль яе не зацвердзіў. І гэта пры тым, што прадстаўнікі МЗС і МУС запэўнівалі: краіны змогуць прыступіць да рэалізацыі дамовы ў ліпені 2011 г. То бок тэхнічна рэалізаваць праект магчыма ўжо цяпер.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі звязвае затрымку з напружанымі адносінамі між нашымі краінамі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў: «Крытыка ў бок польскіх уладаў і персанальна міністра замежных справаў Сікорскага, а таксама карта паляка, з якою спрабуюць змагацца беларускія ўлады, – усё гэта негатыўна адбіваецца на рэалізацыі дамовы».

belsat.eu

Стужка навінаў