Эксперты АБСЕ: прычына смерці Бябеніна – самагубства


Спецыялісты са Швецыі ды Нарвегіі прыйшлі да высновы, што “вынікі ўскрыцця і доказы, сабраныя на месцы здарэння, выразна сведчаць, што прычынаю смерці Алега Бябеніна было самагубства праз павешанне”.

“Паводле экспертаў, няма падставы меркаваць, што спадара Бябеніна павесілі пасля смерці”, – паведамляецца ў прэс-рэлізе, размешчаным на сайце АБСЕ.

Юрыст Гары Паганяйла гаворыць, што іншых высноваў і не варта было чакаць. Судова-медычныя эксперты не мелі права самастойна весці расследаванне, аналізаваць прычыны таго, што адбылося, ацэньваць, наколькі прафесійна спрацаваў беларускі бок, нагадвае праваабаронца. “Яны толькі вывучалі матэрыялы справы, у якіх дакладна вызначана, што Алег Бябенін пакончыў жыццё самагубствам”, – падкрэслівае праваабаронца.

Запрашэнне еўрапейскіх экспертаў спадар Паганяйла называе “паказушным крокам уладаў Беларусі”. “Афіцыйнаму Менску трэба было супакоіць грамадства як беларускае, так і міжнароднае. Цяпер у гэтай справе паставілі кропку, так што можна лічыць, што ўлады дамагліся сваёй мэты”, – упэўнены Гары Паганяйла.

У той жа час у паведамленні АБСЕ адзначаецца: экспертаў прасілі забяспечыць “тэхнічную ацэнку, а не поўнае расследаванне гэтай трагічнай смерці”.

“Эксперты выканалі свае задачы строга ў межах мандату і падрыхтавалі незалежную справаздачу, – падкрэсліваецца ў паведамленні. – Увесь адпаведны матэрыял паводле гэтай справы быў даступны для экспертаў. Матэрыялы пераклалі з расейскай на англійскую мову нанятым АБСЕ незалежным перакладчыкам да прыбыцця экспертаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў