Абодвух прысудзілі да смерці (+ Відэа з залы суда)


17:18 Абаронца Кавалёва літаральна збег ад журналістаў, адмаўляючыся ад каментароў. Пасля таго, як большасць людзей разышлася, з-за Дому правасуддзя выехаў аўтазак, два аўтобусы з зацемненым шклом і вайсковая машына, забітая жаўнерамі ўнутраных войскаў у поўным абмундзіраванні ды са шчытамі.

17:01
Адвакат Канавалава Дзмітрый Лепрэтар заявіў, што не згодны з прысудам, і падкрэсліў, што сціслых тэрмінаў на падаванне прашэння аб памілаванні не вызначана. Спасылаючыся на адвакацкую таямніцу, ён адмовіўся распавесці пра апошнія словы свайго падабароннага пасля абвяшчэння выраку.

16:51
Сярод прысутных на судзе ёсць і тыя, што вырак ухваляюць. Пераважна гэта людзі сталага веку. Яны звязваюць тэракт з пратэстамі 19 снежня.

16:40.
Маці Уладзіслава Кавалёва заявіла, што ўжо заўтра накіруе прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. Праз момант яе адвёў ад журналістаў намеснік старшыні ГУУС Менскага гарвыканкаму Ігар Яўсееў.

16:36. Суддзя скончыў чытаць прысуд. Расстрэл можа адмяніць толькі прэзідэнт, бо вердыкт не падлягае абскарджанню. Усе рэчавыя доказы, акрамя відэазапісу, будуць знішчаныя. Людзі крычаць “Ганьба!”, “Стук (абвінаваўца) забойца!” ды іншае. Праваабаронца Людміла Гразнова яшчэ раз заклікае збіраць подпісы за ўратаванне маладых людзей: “Цяпер адзіная надзея на народ, што яны змогуць абараніць ад смерці не толькі гэтых хлопцаў, але і сябе і ўсіх беларусаў ад беззаконня спецслужбаў”. Сведкі працэсу дзеляцца ўражаннямі: “Такога ніколі не было, каб за неданясенне растрэльвалі”. “Ахвяраў тэракту зараз стала не 15 а 17”.

16:00. Суддзя заканчвае чытаць прысуд. Ён мусіў некалькі разоў перапыняцца: прысудныя ў зале ўвесь час абураліся. Жанчыну, якая сядзела ў першых шэрагах і пратэставала гучней за ўсіх, вывелі з залы. Суд не знайшоў прыкметаў мантажу ў відэа з метро, якое было доказам віны Канавалава і Кавалёва. Паказанні апошняга падчас следства, ад якіх ён адмовіўся ў судзе, прызнаў сапраўднымі. Маўляў, Кавалёў адмовіўся ад іх, каб змягчыць сабе вырак. Словы “гавары, а то атрымаеш “вышку” [смяротную кару]”, з якімі выбівалі прызнанне, суд палічыў не ціскам, а абавязкам праваахоўнікаў нагадаць падазраванаму, якая кара яго чакае. Многія заўважылі, што ў прысудзе торбу, у якой нібыта неслі выбухоўку, называлі то цёмна-сіняй, то цёмна-шэрай, то чорнай. Гэтыя разыходжанні суддзя патлумачыў “асаблівасцямі ўспрымання чорнага колеру”. Разыходжанні ў паказаннях Канавалава і Кавалёва падчас следства, паводле суддзі, узніклі з-за таго, што тыя напярэдадні ўжывалі алкаголь.

15:25.
Суд прызнаў віну Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва па ўсіх эпізодах. Вырак абвінавачаным у тэракце ў Менскім метро зачытаны ў Доме правасуддзя.

13:10. Суддзя абвесціў гадзінны перапынак. Па хадайніцтве пацярпелых прысуд зачытваюць цалкам, ён складае 114 аркушаў. Суддзя ўвесь час перапыняецца, каб выпіць вады. Ён спыніўся на эпізодзе выбуху 3 ліпеня ў Менску.

10:55. У залу завялі абвінавачаных, рукі ў кайданках, высока паднятыя за спіною. “Так водзяць смяротнікаў. А прысуд яшчэ не зачыталі”, – заўважыў нехта з прысутных. Сябры Уладзіслава Кавалёва ўсталі, каб ён бачыў, што яны прыйшлі падтрымаць яго. Некаторыя плакалі.

10:20. Ля будынку дзяжураць намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў і людзі ў цывільным. Сабралася велізарная колькасць прадстаўнікоў беларускіх і замежных медыяў. Прыехала маці аднаго з абвінавачаных Любоў Кавалёва, размаўляць з журналістамі яна адмаўляецца. У залу суда пускаюць толькі непасрэдных удзельнікаў працэсу, у тым ліку пацярпелых. Апошнія таксама не хочуць размаўляць з прадстаўнікамі медыяў да таго, як пачуюць прысуд.

***
Дзяржаўны абвінаваўца называе хлопцаў «выключна небяспечнымі для грамадства і дзяржавы». Праваабаронцы і сваякі падсудных лічаць іхную віну недаказанаю. Праваабаронца, былы следчы пракуратуры Алег Волчак упэўнены, што на падставе доказаў следства нельга будаваць абвінавачанне: «Паверце мне як ветэрану Афганістану. Я служыў у інжынерна-сапёрнай роце, і не кожны афіцэр меў такія веды, каб зрабіць такую выбуховую прыладу, якая спрацавала ў Менскім метро».

Праваабаронцы звяртаюць увагу на той факт, што калі Канавалава і Кавалёва пакараюць смерцю, то мы ўжо ніколі не даведаемся, хто быў замоўцам і здзяйсняльнікам тэракту, бо абвінавачаныя ёсць галоўнымі сведкамі ў гэтай справе.

Супраць смяротнага прысуду Канавалаву і Кавалёву 28 лістапада сабралі 45 тыс. подпісаў, паведаміла на прэсавай канферэнцыі ў Менску праваабаронца Людміла Гразнова.

belsat.eu

https://youtu.be/TeTAgkkHyMo
https://youtu.be/LWr8PgXffBk

Глядзі таксама
Каментары