Еўропа прыдумала, як правесці рэформы ў Беларусі


«План Маршала» прэзентуюць у снежні. Пра яго Штэфан Фюле, еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і палітыкі суседства, распавёў на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі 29 лістапада ў Брусэлі.

«Еўразвяз мае план Маршала для Беларусі, – заявіў карэспандэнту «Белсату» лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які выйшаў з сустрэчы са Штэфанам Фюле. – Еўразвяз думае пра тое, што ў Беларусі жыве не толькі Лукашэнка, а яшчэ ёсць і народ […] Для нас жа важна не крэдытаў набраць і прадаць «Белтрансгаз», развязаўшы праблему на два месяцы. Нам важная мадэрнізацыя эканомікі. І тут Еўразвяз мае шырокую праграму, якая ў бліжэйшы час будзе агучаная».

Пра тое, што Еўропа мае новы план для Беларусі, гаварыў і лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: «Ідзе завяршэнне новага плану або стратэгіі для Беларусі. І бліжэйшым часам, у апошні месяц гэтага года, будзе прэзентацыя гэтага плану».

Лябедзька адзначыў, што «Еўропа ўжо не мае ілюзіяў адносна таго, што Расея можа экспартаваць дэмакратыю ў Беларусь». Ён назваў Штэфана Фюле надзвычай дасведчаным чалавекам у пытаннях беларускай палітыкі, дадаўшы, што еўракамісар адразу адрэагаваў на запіс, які лідар АГП зрабіў на «Facebook».

Сустрэча адбылася незадоўга да ўгодкаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Камісар Штэфан Фюле выступіць з прамоваю, дзе выкладзе сваё бачанне еўрапейскай будучыні Беларусі, на форуме, які адбудзецца ў Брусэлі на наступным тыдні.

belsat.eu

Стужка навінаў