Еўрапейская Камісія адкрывае Еўропу для беларускіх студэнтаў


Еўрапейская Камісія заснавала новую стыпендыяльную праграму – «Адкрытая Еўропа» (Open Europe Scholarship Scheme (OESS)), якая прызначаная для навучання беларускіх студэнтаў за мяжою па ўсёй Еўропе. Праграмаю кіруе Паўночная Рада Mіністраў.

Паводле арганізатараў праграмы, яе «ініцыявалі ў выніку недэмакратычных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў снежні 2010 г. Адною з групаў, найбольш пацярпелаю ў выніку ўрадавых рэпрэсіяў, сталіся студэнты і акадэмічная супольнасць у цэлым».

Новая стыпендыяльная праграму мае за мэту спрыяць развіццю дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі праз даванне маладым людзям доступу да неідэалагізаванай вышэйшай адукацыі, якая адпавядае агульнапрызнаным міжнародным акадэмічным стандартам. Плануецца, што выпускнікі праграмы пасля вяртання на радзіму змогуць зрабіць унёсак у дэмакратызацыю краіны.

Каб мець магчымасць атрымаць стыпендыю, кандыдат мае быць грамадзянінам Беларусі ды мець за мэту атрыманне ступені бакалаўра ці магістра ва ўніверсітэце адной з еўрапейскіх краінаў.

Прыярытэтныя галіны: права, эканоміка і сацыяльныя навукі, бізнес, адукацыя, прыродазнаўства, медыцына, інжынерыя, але прымаюцца заяўкі і ў іншых галінах.

Падаванне заяўкі на паступленне ва ўніверсітэт і на стыпендыю – гэта два асобныя працэсы. Універсітэты абіраюць студэнтаў з увагі на іхныя акадэмічныя здольнасці ды веданне мовы, у той час як стыпендыі выдаюцца з увагі на матывацыю. Падаваць заяўку на атрыманне стыпендыі можна паралельна з паступленнем ва ўніверсітэт.

Стыпендыя пакрывае выдаткі на навучанне, праезд і пражыванне ад пачатку да канца перыяду навучання.

Каб атрымаць стыпендыю, трэба:

1. Абраць ад аднаго да трох універсітэтаў і праграму, што адпавядае вашым інтарэсам. Калі вы абіраеце два ўніверсітэты, то яны мусяць быць у розных краінах (калі тры, то два могуць быць у адной краіне).

2. Запоўніць онлайн-форму на атрыманне стыпендыі праз лінк «My Page» на сайце праграмы і даслаць яе да 16 снежня 2011 г. Формы заяўкі, што прыйдуць пазней за пазначаны дзень, будуць перанесеныя на наступны перыяд размеркавання стыпендыяў.

3. Кандыдаты, якія пройдуць папярэдні адбор, будуць запрошаны на інтэрв’ю ў Вільні, якое мае адбыцца з 2 да 13 лютага 2012 г. Запрашэнне дашлюць на скрыню праз «My Page». Заяўнікі, што не прайшлі адбору, атрымаюць ліст з паведамленнем пра гэта.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце праграмы «Адкрытая Еўропа».

Выкарыстана матэрыял з сайту adukacyja.info

Глядзі таксама
Каментары