Сяргей Лаўроў: Расея заўсёды падтрымлівала супрацу Беларусі з Еўропаю


Міністр замежных справаў Расеі не сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Сёння ў Менску прайшло супольнае паседжанне калегіяў МЗС Беларусі ды Расеі. Цяпер, як патлумачыў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, яны адбываюцца часцей: штогод, а не раз на два гады, як гэта было раней.

Ягоны расейскі калега Сяргей Лаўроў не скарыстаўся візітам у Менск, каб сустрэцца з кандыдатам на прэзідэнта і дзейсным кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам: “Пра якія-небудзь іншыя мерапрыемствы, апрача паседжання калегіяў, калі мы дамаўляліся наконт паездкі ў Менск, мовы не было”, – падкрэсліў ён, адказваючы на пытанні журналістаў.

Паводле Сяргея Лаўрова, Расея заўсёды паслядоўна падтрымлівала ўваходжанне Беларусі ў розныя еўрапейскія арганізацыі: “Мы падтрымліваем ўсе заявы Беларусі пра ўдзел, у тым ліку ў дзейнасці Рады Еўропы і [транспартнага і лагістычнага партнёрства] “Паўночнага вымярэння”.

Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея “абсалютна далёкая ад жадання стрымліваць кагосьці ў імкненні, якое адлюстроўвае нацыянальныя інтарэсы”. У канкрэтных візітах еўрапейскіх прадстаўнікоў у Беларусь, а беларускіх – у Еўропу ён бачыць “адлюстраванне рэаліяў сённяшняга дня”: “Свет робіцца ўзаемна залежным, свет глабалізуецца, і расейская вонкавая палітыка зыходзіць з неабходнасці супрацоўнічаць з усімі, хто гатовы гэта рабіць на раўнапраўных, узаемаўважлівых, узаемавыгодных умовах”.

Што датычыць найбліжэйшага снежаньскага саміту дзяржаваў-сябраў АБСЕ, спадар Лаўроў паведаміў, што паміж Беларуссю і Расей тут “не проста кансенсус, мы выступаем з супольнымі ініцыятывамі”. Апошнія, як патлумачыў Сяргей Мартынаў, датычаць сфераў ваеннай бяспекі, гуманітарнай супрацы, забеспячэння балансу ў працы АБСЕ, назірання за выбарамі і дзейнасці Бюро дэмакратычных інстытутаў і правах чалавека АБСЕ.

belsat.eu

Стужка навінаў