600 тысяч за званок пра смерць. Як прадпрымальніца вербавала міліцыянтаў


Жыхарка Гомля спрабавала завербаваць міліцыянтаў у якасці інфарматараў. Жанчыне «па працы» патрэбная была аператыўная інфармацыя пра смяротныя выпадкі.

Гомельская міліцыя паведамляе, што жанчыне патрэбная была такая інфармацыя дзеля таго каб апярэдзіць канкурэнтаў у пахавальным бізнесе.

«У сваіх абяцаннях бізнес-вумен не скупілася: за кожны званок абяцала па Br 600 тысяч. А ў мэтах бяспекі для каналу інфармацыі прапаноўвала SIM-карткі, зарэгістраваныя на памерлых людзей», – паведамляе Гомельскае УУС.

Паводле праваахоўнікаў, жанчына шукала інфарматараў сярод міліцыянтаў, якія нядаўна пачалі працаваць.

Падчас спробы перадачы хабару аператыўнікі затрымалі мужы прадпрымальніцы, а пазней і ўласна жанчыну.

Міліцыянты канстатуюць, што гэта не першы выпадак, калі за інфармацыю пра смерць прадпрымальнікі гатовыя плаціць. Хабары за такія паведамленні прапаноўваюць працаўнікам моргаў, брыгада хуткай дапамогі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў